Пошук

13.12.2020 10:44   Тэкст: Ганна Шэмет / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Блізіцца час Божага Нараджэння, а гэта значыць, што зусім хутка ў Беларусь прыбудзе агонь з Бэтлеема, запалены ад нязгаснай лампады ў бэтлеемскай базыліцы Нараджэння Пана.

Бэтлеемскі агонь прыбывае спецыяльным рэйсам у Вену, адкуль перадаецца з рук у рукі па краінах Еўропы і Паўднёвай Амерыкі. У нашай краіне за яго распаўсюджванне адказныя каталіцкія скаўты і скаўткі — парафіяльныя групы, якія вядуць сваю дзейнасць у Барысаве, Гродне, Івянцы і Мінску.

17 снежня прадстаўнікі ZHP урачыста перададуць агонь з Бэтлеема ў катэдральны касцёл святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. У гэты ж дзень у гродзенскай катэдры эстафету перадачы агню распачнуць каталіцкія скаўты з Беларусі.

18 снежня Бэтлеемскі агонь даставяць у архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Яго распаўсюджванне будзе працягвацца да 20 снежня.

Фота Віталія Палінеўскага

У мінулым годзе маршрут падарожжа Бэтлеемскага агню па Беларусі склаў больш за 5 тысяч кіламетраў, агонь прыбыў ва ўсе катэдры нашай краіны і ў больш за 120 парафій. У гэтым годзе каталіцкія скаўты пашырылі тэрыторыю яго распаўсюджвання і плануюць праехаць больш за 6 тысяч кіламетраў. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй яны просяць аб асаблівай малітоўнай падтрымцы, каб Бэтлеемскае святло свету прыбыло ў нашу краіну.

Дакладныя маршруты з назвамі парафій і часам прыбыцця агню будуць пададзеныя пазней.



Першая акцыя распаўсюджвання Бэтлеемскага агню праводзілася ў 1986 годзе. Тады прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую ў Бэтлееме лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэдадні свята Божага Нараджэння. Гэтую ініцыятыву падтрымалі аўстрыйскія скаўты.

Ужо праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай.

На афіцыйным узроўні акцыю перадачы Бэтлеемскага агню падтрымліваюць як кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.

Фота Віталія Палінеўскага

У 1998 годзе полымя Бэтлеемскага агню было перададзена ў 22 краіны Еўропы, сярод якіх была і Беларусь. Гэтая падзея адыблася дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця