22 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, у мястэчку Воўчын каля Брэста адбылася важная для тутэйшай каталіцкай парафіі падзея: благаслаўленне адбудаванай святыні і першая святая Імша ў ёй.
Абрад благаслаўлення адноўленага касцёла здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы і звярнуўся да вернікаў з пастырскім словам. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел таксама святары з суседніх парафій Брэсцкага дэканату: кс. Павел Халяўкін, дэкан Брэсцкі і пробашч парафіі ў Чарнаўчыцах, кс. Віктар Барысевіч, пробашч парафіі ў Камянцы, а таксама канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка.
Воўчын — старадаўняе і значнае мястэчка ў гісторыі Беларусі. Першапачаткова тут быў пабудаваны драўляны касцёл. Росквіт мясцовасці прыпаў на XVII–XVIII ст., калі Воўчынскае графства перайшло ва ўладанне Панятоўскіх. Кракаўскі каштэлян Станіслаў Панятоўскі, бацька будучага караля Станіслава Аўгуста, у 1729–1731 г. пабудаваў у Воўчыне прыгожы мураваны касцёл, спраектаваны ў ватыканскай манеры рымскай архітэктуры Ёганам Зыгмундам Дэйблам. Неўзабаве пасля заканчэння будаўніцтва святыні ў Станіслава Панятоўскага нарадзіўся сын Станіслаў Аўгуст, будучы польскі кароль, які быў у ёй ахрышчаны.
Асвячэнне воўчынскага касцёла пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, біскупа і мучаніка, здзейсніў 21 ліпеня 1743 г. біскуп Луцкі і Брэсцкі Францішак Антоні Кабельскі.
У 1738 г. Станіслаў Панятоўскі перадаў Воўчын свайму сваяку Міхалу Фрыдэрыку Чартарыйскаму. У 50-я гады XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам грамадскай і культурнай актыўнасці князёў Чартарыйскіх. Пазней у воўчынскім касцёле быў перапахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
У часы панавання Расійскай Імперыі, пасля гвалтоўнага задушэння нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у 1866 г. царскія ўлады адабралі касцёл у мясцовай каталіцкай парафіі, часткова яго разбурылі і пераабсталявалі. Толькі ў 1918 г. католікі змаглі вярнуць сабе адабраную і знявечаную святыню. У 1924 г. каля касцёла была пабудаваная плябанія ў неабарочным стылі для пражывання святара. У 1945 г. касцёл зноў перажыў частковае разбурэнне.
Пасля падзення атэістычнага савецкага рэжыму, на пачатку 1990-х гадоў, адрадзілася мясцовая парафія, і вернікі пачалі падрыхтоўку да аднаўлення святыні.
Грунтоўныя працы па адраджэнні касцёла распачаліся ў 2009 г. і цяпер паспяхова завяршаюцца.
Падчас літургіі благаслаўлення адноўленай святыні біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў сабраным вернікам велічную гісторыю парафіі і касцёла. Ён заахвоціў цаніць той дар, якім з’яўляецца месца Божага культу, дзе кожны ахвотны можа перажыць асаблівую сустрэчу з Панам, прыняць Яго сакрамэнты. Пастыр Пінскай дыяцэзіі таксама ўзгадаў людзей, якія прычыніліся да справы адраджэння воўчынскага касцёла і якім належыць асаблівая ўдзячнасць.
Перадусім гэта кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама аўтар праекта адбудовы касцёла і кіраўнік асноўных прац святой памяці Віктар Вільк.
На заканчэнне літургіі пробашч мясцовай парафіі кс. Андрэй Бародзіч ад імя воўчынскіх вернікаў падзякаваў біскупу Антонію за ўрачыстае благаслаўленне касцёла і за дапамогу ў заканчэнні рамонтных прац.
Завяршылася ўрачыстасць супольнай малітвай за памерлых святароў, вернікаў і дабрадзеяў воўчынскай парафіі.