11 лістапада вернікі парафіі святога Антонія ў Слуцку сабраліся у святыні, каб адзначыць радасную падзею — юбілей кансэкрацыі касцёла. Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У прамоўленай гаміліі іерарх узгадаў пра нялёгкі шлях адраджэння рэлігійнага жыцця на Случчыне, а таксама пра руплівае і самаахвярнае служэнне айцоў францішканаў і сясцёр ядвіжанак, якія ў 1992 годзе, з гатоўнасцю пайшоўшы за голасам Хрыста, прыехалі з братняй Польшы і распачалі апостальскую дзейнасць на нашай знявечанай атэістычнымі савецкімі ўладамі зямлі. Ужо ў 1993 годзе ў райцэнтры распачалося будаўніцтва святыні.
Як адзначыў біскуп Юрый, айцы францішкане будавалі не толькі касцёл з цэглы, але перадусім духоўную святыню, якой з’яўляецца кожны чалавек, а такасама складзеную з жывых камянёў парафіяльную супольнасць.
Разам з будаўнічымі справамі айцы францішкане займаліся таксама душпастырскай дзейнасцю, а сёстры ядвіжанкі дапамагалі ім у гэтым, праводзячы катэхізацыю дзяцей, моладзі і дарослых.
11 лістапада 2000 года кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новапабудаваную святыню. «Гэта ужо назаўсёды Божы Дом. Я спакойны за Слуцк і думаю, што вы спакойныя за сваю будучыню», — падкрэсліў падчас кансэкрацыі касцёла Сведка веры, які пранёс яе праз нялюдскія выпрабаванні бальшавіцкага ГУЛАГу. Гэтыя словы першага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала назаўсёды засталіся ў сэрцах вернікаў, для якіх Касцёл стаў таксама іх домам. Такім чынам, у Cлуцку ўзнеслася прыгожая святыня, у якой на працягу дваццаці гадоў кожны дзень цэлебруецца святая Імша, удзяляюцца сакрамэнты і няспынна ўзносяцца малітвы да ўсемагутнага Бога.
«Касцёл з моманту кансэкрацыі становіцца асаблівым месцам спаткання чалавека з Богам. Молімся ж, каб тут заўсёды гучала Божае Слова; каб кожны, хто прыходзіць у святыню, сустрэў тут Міласэрнага Хрыста», — заклікаў біскуп Юрый Касабуцкі. Напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў, каб усе людзі ўваходзілі праз браму, якой з’яўляецца касцёл.
«Кожная святыня — гэта маленькая брама, якая вядзе да Нябеснага Валадарства», — заўважыў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Дзякуючы Добраму Богу за кансэкрацыю касцёла, за адражэнне веры на Случчыне, а таксама за сваіх руплівых пастыраў, якія з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках, вернікі парафіі святога Антонія ўзносяць малітвы да Бога, просячы аб благаслаўленні і супакоі для Бацькаўшчыны. Можна сцвярджаць, што супольная малітва і палымянае слова біскупа Юрыя Касабуцкага паспрыялі ўмацаванню веры ў іх сэрцах і даверу да Міласэрнага Бога ў кожнай цяжкай справе.