Пошук

23.10.2020 12:41   Паводле: Catholicnews.by

Дэкрэтам біскупа Віцебскага ўводзіцца шэраг прадпісанняў у сувязі з ростам захворванняў COVID-19.

Духавенству і вернікам Віцебскай дыяцэзіі

Дэкрэт

У сувязі з далейшым распаўсюджваннем эпідэміі каранавірусу COVID-19 i высокай лічбай захворванняў, якая ў восеньска-зімовы перыяд можа павялічыцца, а таксама беручы пад увагу клопат пра здароўе і жыццё жыхароў нашай краіны, пастанаўляю:

1. Згодна з кан. 87 § 1, кан. 1245 і кан. 1248 § 2 Кодэксу кананічнага права Каталіцкага Касцёла, удзяляю дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і прадпісаныя ўрачыстасці вернікам старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, што імі апякуюцца, і тым, хто адчувае боязь перад небяспекай заражэння.

2. Заахвочваю вернікаў, якія карыстаюцца дыспенсай, прыняць удзел у суботняй вечаровай cвятой Імшы або ў cвятых Імшах у іншыя дні.

3. Адначасова заахвочваю тых вернікаў, якім дазваляе стан здароўя і не перашкаджаюць іншыя важныя прычыны, напрыклад, абавязковая праца, да ўдзелу ў нядзельных і святочных Імшах і іншых набажэнствах.

4. Святары павінны паінфармаваць вернікаў аб значэнні дыспенсы, а таксама растлумачыць сэнс духоўнай камуніі і заахвоціць да яе практыкавання.

5. Пробашчы і адміністратары парафій павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб у святынях і іншых месцах супольнай малітвы захоўваліся асноўныя правілы гігіены: настойліва прасіць вернікаў насіць ахоўныя маскі або шчыткі, пры ўваходзе ў святыню змясціць дэзінфекцыйныя сродкі, нагадваць аб неабходнасці захавання сацыяльнай дыстанцыі і рэспіраторнага этыкету.

6. Святары, якія ўдзяляюць cвятую Камунію вернікам, а таксама цэлебруюць іншыя сакрамэнты, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці да вернікаў, павінны карыстацца ахоўнымі маскамі і праводзіць дэзінфекцыю рук.

7. Пробашчы парафій, настаяцелі іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама законных супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі павінны разважліва і адказна падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных і катэхетычных сустрэч, а таксама іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання мэтазгоднасці іх правядзення падчас эпідэміі і з улікам магчымасці іх адмены або пераносу на пазнейшы час.

8. Нагадваю душпастырам пра абавязак заставацца на месцы свайго служэння і быць даступнымі для людзей, асабліва хворых і тых, хто мае патрэбу.

9. Гэтая пастанова абавязковая да яе адмены.

Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у штодзённым жыцці, так і ў выкананні рэлігійных практык, давяраю ўсіх вас апецы Маці Божай Браслаўскай і святога Язафата Кунцэвіча з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, 17 кастрычніка 2020 г.

Абноўлена 23.10.2020 12:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа