З нагоды тысяча шасцісотай гадавіны смерці св. Гераніма, перакладчыка Бібліі на лацінскую мову, 30 верасня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст папы Францішака Scripturæ Sacræ аffectus (Замілаванне да Святога Пісання).
Святы Айцец піша:
«Сапраўды, Гераніма можна назваць „бібліятэкай Хрыста“, невычарпальнай бібліятэкай, якая праз шаснаццаць стагоддзяў працягвае вучыць нас таму, што азначае любоў Хрыста, любоў, якая непадзельна звязана з сустрэчай з Яго словам. Вось чаму цяперашнюю гадавіну можна разглядаць як заклік палюбіць тое, што любіў Геранім, нанова адкрыць яго творы і дазволіць захапіць сябе духоўнасцю, якую можна ахарактарызаваць па сутнасці як неспакойнае і гарачае жаданне больш пазнаваць Бога Аб’яўлення.
Як жа нам не паслухаць у наш час тое, да чаго няспынна заклікаў сваіх сучаснікаў Геранім: „Пастаянна чытай Божае Пісанне; ніколі не выпускай святога тэксту са сваіх рук“».