У свята святога Арханёла Міхала 29 верасня ў Мінску завяршылася перэгрынацыя фігуры нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі, якая праходзіла па катэдрах усіх чатырох беларускіх дыяцэзій у інтэнцыі хутчэйшага мірнага завяршэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.
З гэтай нагоды ўвечары ў сталічным катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі з удзелам канонікаў Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу адбылася цэлебрацыя святой Імшы з Нешпарамі, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У ёй бралі ўдзел таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства на чале з Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Вітаючы сабраных у катэдры шматлікіх вернікаў і тых, хто духоўна далучыўся да супольнай малітвы дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрасіў іх асаблівым чынам маліцца аб адзінстве ў нашым грамадстве, якое цяпер спрабуюць разбурыць сілы зла, жадаючы «сутыкнуць людзей ілбамі».
У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на тое, што злы дух ва ўсе часы імкнецца маніпуляваць чалавекам.
Ён нагадаў, што анёл, створаны Богам для таго, каб несці святло, узбунтаваўшыся супраць Стварыцеля, стаў князем цемры і дзейнічае на згубу чалавека, аддаляючы яго ад Бога — адзінай крыніцы жыцця.
Сеючы ў сэрцах людзей недавер і нянавісць, злы дух падбухторвае іх на самыя вялікія злачынствы, якія толькі ведае гісторыя. На думку пастыра, менавіта злая моц штурхнула людзей на страшэнныя злачынствы, учыненыя жудаснымі бязбожнымі рэжымамі — нацысцкім і савецкім. Чалавецтва асудзіла гэтыя злачынствы, але насілле і сёння праяўляецца ў розных частках свету, у тым ліку і ў нашай краіне.
«Мы, беларусы, заўсёды былі мірнымі людзьмі. Мы не хочам гэтага насілля! Калі адбываюцца мірныя акцыі, людзі выходзяць з мірным запалам — ніхто не выходзіць са злосцю. А тыя людзі, якія пакліканыя, каб быць гарантамі нашага спакою, каб, выходзячы на вуліцу, мы не баяліся, што на нас нехта будзе нападаць, сёння, на жаль, выконваюць трошкі іншую функцыю. Сёння, наадварот, яны нападаюць на мірных людзей. Многа мы бачым сёння гэтых сітуацый, бачым гэтую несправядлівасць…
Гэта адбываецца таму, што чалавек жыве ў фальшы. Чалавеку проста сказалі: „Вось, гэта — ворагі“. І ўсё», — з горыччу канстатаваў сённяшнюю сумную беларускую рэальнасць іерарх.
Біскуп Юрый звярнуў увагу на тое, што гэта адбываецца ў межах адвечнага супрацьстаяння дабра і зла. Ён адзначыў, што гэта пацвярджае і змаганне з беларускай нацыянальнай сімволікай, якая мае выразнае хрысціянскае паходжанне і значэнне, а таксама імкненне падзяліць людзей, пасварыць іх паміж сабою. Менавіта на гэта, паводле біскупа, адказнага за СМІ ў беларускім каталіцкім епіскапаце, былі скіраваныя і агучаныя ў той самы дзень звесткі адносна таго, што хтосьці імкнецца выкарыстаць Касцёл у Беларусі ў палітычнай барацьбе.
Таму, дадаў іерарх, у касцёлах увесь час гучаць заклікі да прабачэння, згоды, адзінства і салідарнасці, да супольнай малітвы праз заступніцтва святога Міхала Арханёла, няхай сабе і на розных мовах, каб у Беларусі ніколі не ўзнікла сітуацыя, якая прывядзе наш народ да грамадзянскай вайны.
«Наша малітва — гэта вялікая сіла. Бог ёсць любоў, Бог ёсць дабро, і гэтае дабро абавязкова перамагае», — сцвердзіў біскуп Юрый Касабуцкі.
На заканчэнне святой Імшы па відэасувязі да сваёй паствы з выгнання звярнуўся Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў вернікам за малітву і салідарнасць, а таксама заахвоціў не губляць надзеі на лепшую будучыню для Бацькаўшчыны, якая цяпер перажывае сваю Галгофу ХХІ стагоддзя.
Акрамя таго, арцыбіскуп Кандрусевіч прызначыў ганаровым канонікам Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу ксяндза Ігара Лашука, кусташа фігуры святога Арханёла Міхала і ініцыятара яе перэгрынацыі па катэдрах усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Новапрызначаны канонік прыняў з рук біскупа Касабуцкага дэкрэт і перад фігурай святога Арханёла прачытаў літанію і малітву за Бацькаўшчыну.
Воплескамі вітаючы словы свайго арцыпастыра, вернікі ў працэсіі праводзілі фігуру нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі да катэдральнай брамы, адкуль святая выява скіруецца ў Магілёў, каб завяршыць свой шлях па нашай краіне, прайшоўшы яе з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход.
Шлях фігуры Арханёла Міхала з італьянскага санктуарыя ў Гаргана — гэта яскравы заклік да малітвы за Беларусь, каб наш народ з дапамогаю Бога і яго святых анёлаў перамог усялякае зло і не паддаўся на спакусы таго, хто прагне яго згубы.