Пошук

30.09.2020 10:52   Catholic.by

У свята святога Арханёла Міхала 29 верасня ў гаміліі, прамоўленай падчас святой Імшы ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на хрысціянскае паходжанне беларускай нацыянальнай сімволікі.

Гаворачы пра маральнае вымярэнне глыбокага грамадска-палітычнага і гуманітарнага крызісу, які перажывае сёння Беларусь, іерарх звярнуў увагу на тое, што за гэтым стаіць адвечная барацьба дабра са злом.

«Якое вялікае ідзе змаганне з беларускай нацыянальнай сімволікай.

Бел-чырвона-белы сцяг… Гэтае спалучэнне колераў у хрысціянстве з самага пачатку было сімвалам Уваскрослага Хрыста.

Гэта — плашчаніца, у якую было загорнута Цела Хрыста, а чырвоная паласа — гэта Кроў Хрыста. Калі Ён уваскрасае — сцяг белы і крыж чырвоны. Так было на старажытных іконах: Хрыстус трымае ў руцэ харугву, а на ёй — спалучэнне белага і чырвонага колеру. Гэтая стужка таксама азначае спалучэнне Старога і Новага Запаветаў.

Гэта — хрысціянскі сімвал, які ўжо пазней, праз 1900 гадоў існавання хрысціянства, у Беларусі ў 1918 годзе ўзялі як сімволіку.

Гэта — хрысціянская сімволіка. А хто змагаецца найбольш з хрысціянскай сімволікай?.. Каму перашкаджае Хрыстус Уваскрослы?..

І мы молімся сёння праз заступніцтва святога Міхала Арханёла аб выбаўленні нас ад уплываў д’ябла і яго спакусаў. <…>

Гэта — нялёгкая справа, бо гэтая бітва, гэтая барацьба — яна была, ёсць і будзе заўсёды. Гэта змаганне, працэс, але мы молімся, каб гэты працэс не выліваўся ў праліццё крыві; каб гэтае змаганне злога духа не падзяляла нас, людзей», — дадаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Абноўлена 30.09.2020 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.