23 верасня ў парафіі святога айца Піо з П’етрэльчыны ў Гродне падчас адпустовай урачыстасці адбылося ўнясенне рэліквій святога Піо.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў канцлер Гродзенскай курыі кс. Аляксандр Мацкевіч.
У ёй парафіяне маглі пачуць, як айцец Піо ўразіў увесь свет сваім незвычайным жыццём і гарачай верай.
Па словах святара, ён быў спаведнікам, якому Бог удзяліў ласку пранікаць у сумленне людзей, а калі ён цэлебраваў Імшу, усе ведалі, што на алтары на самой справе здзяйсняецца вялікая таямніца веры.
Ксёндз Аляксандр Мацкевіч дадаў, што Піо з П’етрэльчыны быў стыгматыкам, чалавекам пастаяннай малітвы, шанавальнікам Маці Божай і няма на зямлі месца, дзе б не чулі пра такога вялікага святога, як ён.
На заканчэнне Імшы біскуп благаславіў вернікаў рэліквіямі святога.
Пробашч парафіі кс. Артур Малафей падзякаваў усім прысутным за ўдзел, а айцам рэдэмптарыстам, гаспадарам капліцы, дзе адбылася гэтая ўрачыстасць, — за магчымасць для маладой парафіі збірацца на Эўхарыстыю.
Таксама парафіяне выказалі віншаванні біскупу Кашкевічу ў яго дзень нараджэння.