Айцец Піо з П’етрэльчыны вядомы тым, што меў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, з-за якіх адчуваў пастаянны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю. Ён вядомы таксама як містык і заснавальнік Дома палёгкі ў цярпенні.
Айцец Піо (Франчэско Фарджонэ) нарадзіўся 25 мая 1887 г. у мястэчку П’етрэльчына ў паўднёвай Італіі ў шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яго было яшчэ сямёра дзяцей. Яго маці распавядала, што з самага пачатку яе сын вылучаўся надзвычай ветлівымі паводзінамі.
Яшчэ ў дзяцінстве ён меў страшнае бачанне пекла, якое мог перанесці толькі дзякуючы моцнай веры, умацаваны Езусам і Анёлам Ахоўнікам.
З імі ён размаўляў у гэтыя незвычайныя хвіліны, калі яму даводзілася сутыкацца са злом.
У выніку нападаў д’ябла ў яго пагоршылася здароўе і ён быў блізкі да смерці. Слабы, але ўмацаваны духоўна, ён уступіў у 16 гадоў у ордэн капуцынаў, дзе распачаў глыбокае жыццё вучобы і малітвы, у духу ўбоства і пакаяння. У той час ён прыняў манаскае імя брата Піо з П’етрэльчыны.
Вечныя манаскія абяцанні Піо прынёс 27 студзеня 1907 г., праз тры гады прыняў святарскае пасвячэнне. Вайсковай службы ён пазбег з-за стану здароўя і ў ліпені 1916 г. прыбыў у кляштар у Сан-Джаванні-Ратонда, дзе жыў да самай смерці.
У 1918 г. у яго з’явіліся першыя стыгматы на далонях. Пасля гэтага здарэння ў кляштар пацягнуліся журналісты, навукоўцы і медыкі, а таксама шмат іншых цікаўных людзей.
«Што ж я магу сказаць пра маё ўкрыжаванне? — пісаў айцец Піо. — Мой Божа!
Які ж сорам і прыніжэнне я адчуваю, калі спрабую распавесці камусьці пра тое, што Ты ўчыніў для мяне, Твайго беднага стварэння!
Гэта здарылася раніцай 20 (верасня) — я быў на хорах, пасля святой Імшы, калі раптам мяне агарнуў ласкавы супакой, падобны да прыемнага сну. Усе пачуцці маёй душы, унутраныя і знешнія, знаходзіліся ў стане невымоўнага супакою. Унутры мяне і вакол панавала глыбокая цішыня, я напоўніўся мірам і потым у імгненне вока адчуў раптам поўную пакінутасць разам з поўным адасабленнем ад усяго.
Калі гэта здарылася, я ўбачыў таямнічую постаць, падобную да якой бачыў 5 жніўня, толькі розніца была ў тым, што з Яго рук, ног і боку капала кроў. Гэтае бачанне спалохала мяне: таго, што я адчуваў у той момант, не апісаць. Я думаў, што памру — і памёр бы, — калі б Пан не ўмяшаўся і не падтрымаў майго сэрца, якое ледзь не выскачыла ў мяне з грудзей.
З’ява знікла, а я ўсвядоміў, што мае рукі, ступні і бок былі прабіты і цякла кроў. Можаш уявіць муку, якую я адчуваў тады і якую адчуваю кожны дзень.
З раны сэрца пастаянна ідзе кроў, асабліва з вечару чацвярга да суботы.
Мой Божа, я паміраю ад болю, мукі і сораму, які адчуваю ў глыбіні душы. Баюся, што сплыву крывёю! Маю надзею, што Бог чуе мае стогны і ўрэшце адверне гэта ад мяне».
Айцец Піо распавядаў, што перажываў цярпенні Езуса на Ягоным шляху на Галготу і на крыжы, зноў і зноў. Ён горача маліўся, жадаючы толькі дабра для душаў на Божую хвалу. Яго ведалі як чалавека, які падыходзіў да кожнага індывідуальна, а адначасова ставіўся з дабрынёй і разуменнем да ўсіх, разважаючы над справамі людзей з пачуццём справядлівасці, павагай і ў духу лаяльнасці. Як казалі сведкі, ён быў уцелаўленнем цнотаў. Ён абраў шлях крыжа, на што згадзіўся з адвагай і ў поўным прысвячэнні сябе любові.
Пры гэтым ён не выкарыстоўваў свайго досведу ў якасці захапляльнага відовішча.
Хутчэй, наадварот: быў незвычайна сціплым, а ў дадатак палаў аптымізмам, які мог здзіўляць сведкаў яго цярпення. Глыбокая пакора дазваляла яму ісці праз жыццё з гонарам брата, цалкам адданага служэнню, нават калі ён вымушаны быў згадзіцца з тым, каб правялі навуковы аналіз яго стыгматаў.
Справа айца Піо была для Святога Пасаду цяжкай, сумненні з’яўляліся падчас кожнага этапу даследаванняў. Кангрэгацыя Веравучэння схілялася да медыцынскага вытлумачэння яго стыгматаў. Паколькі ў справе не было знойдзена звышнатуральных фактараў, было загадана абмежаваць кантакты манаха са светам. Вернікі хацелі, каб ён цэлебраваў Імшу, чаго яму было сказана пазбягаць. Забарона на цэлебрацыю час ад часу ўзнаўлялася. У 1933 годзе яму была вернута гэтая магчымасць.
Малітоўныя групы, натхняльнікам якіх стаў айцец Піо, пачалі з’яўляцца з 1950 г. Прадметам іх малітвы быў сам Касцёл. У 1956 г. святар заснаваў Дом палёгкі ў цярпенні з мэтай дапамогі церпячым.
Айцец Піо адышоў у вечнасць 23 верасня 1968 г., калі яму быў 81 год. З ім развітваліся натоўпы вернікаў.
16 чэрвеня 2002 г. на плошчы Св. Пятра ў Рыме адбылася яго кананізацыя.
Паводле аповедаў сведкаў, айцец Піо меў звышнатуральныя здольнасці, напрыклад, білакацыі, калі яго бачылі ў двух ці трох месцах у той жа час.
Некаторыя з яго цытытаў: «Каб дасягнуць нашай канчатковай мэты, нам трэба ісці за Боскім Правадніком, які хоча весці душу тым шляхам, якім прайшоў сам, шляхам адрачэння і крыжа»; «Часам Бог дазваляе мне зазірнуць у свае запісы»; «Любіце Марыю і рабіце ўсё, што можаце, каб людзі Яе любілі. Прамаўляйце ў Яе гонар Ружанец. Рабіце гэта заўсёды (…). Выражайце ўдзячнасць Марыі, бо гэта Яна дала нам Езуса. Ружанцовая малітва — сінтэз нашай веры, апірышча нашай надзеі, запал нашай любові».