18 верасня ў цэнтры Гродна ўрачыста адкрылі помнік святому Губерту. Адкрыццё было прымеркавана да Дня горада, які абласны цэнтр традыцыйна адзначае ў трэція выходныя верасня.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, манументальная дэкаратыўная скульптура святога ўсталявана на перасячэнні вуліц Савецкай і Кастрычніцкай.
Над стварэннем помніка працаваў скульптар Уладзімір Панцялееў.
Ён распавёў, што выношваў ідэю ўвекавечання асобы святога не адзін год і нават распрацаваў адмысловы эскіз скульптуры.
Аднойчы на аркуш з выявай скульптуры св. Губерта звярнулі ўвагу прадстаўнікі мясцовай улады, якія наведалі майстэрню, і прапанавалі мастаку ўвасобіць праект у жыццё.
Па словах аўтара, праца над помнікам працягвалася некалькі месяцаў. «Спачатку я зрабіў мяккі макет, каб наглядна прадэманстраваць сваю задумку, а ўжо пасля ўзяўся за стварэнне арыгінальнай скульптурнай кампазіцыі. Яе сюжэт традыцыйны: святы Губерт стаіць побач з аленем. Падобныя помнікі можна сустрэць на вуліцах шэрагу еўрапейскіх краін. Мой аўтарскі варыянт выкананы з бронзы. Мае вышыню прыкладна 85 сантыметраў і будзе ўсталяваны на двухметровай гранітнай калоне», — адзначыў мастак.
Ён дадаў, што ўсталяваць скульптуру планавалася напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі мерапрыемства адмянілі, таму ўрачыстае адкрыццё помніка адбылося ў Дзень горада.
Паводле легенды, Губерту падчас палявання аб’явіўся цудоўны алень з залатым крыжам паміж рагоў.
Пасля гэтага знаку ён стаў адданым хрысціянінам і раздаў сваю маёмасць бедным.
Пачынаючы з сярэднявечча, святога Губерта ўшаноўвалі па ўсёй Еўропе, асаблівым чынам як апекуна паляўнічых і леснікоў. У яго гонар былі названы некалькі вайсковых ордэнаў, паляўнічы замак Губертусбург пад Дрэздэнам (Германія), буйны астэроід, адкрыты ў 1886 годзе, а алень святога з’яўляецца лагатыпам зёлкавага лікёру Jӓgermeister.
Ужо некалькі стагоддзяў святога Губерта як нябеснага заступніка свайго горада ўшаноўваюць гродзенцы. Сімвал святога — алень з залатым крыжам — знаходзіцца на гербе Гродна з 1540 года. Ён быў абраны сімвалам горада таму, што недалёка размяшчаліся багатыя паляўнічыя ўгоддзі Белавежскай і Гродзенскай пушчаў, дзе часцей за ўсё сустракаўся менавіта высакародны алень.
У тым, што на гербе Гродна алень скача праз агароджу, прасочваецца сувязь з сярэднявечнай назвай горада — «Горадзень», якая паходзіць ад слова «гарадзіць».
Таксама агароджа сімвалізуе свабодалюбства гродзенцаў.