Пошук

09.09.2020 10:06   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Фота: с. Ірына Барцэвіч FMA / Grodnensis.by

7 верасня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты катэхетычны год у дыяцэзіі.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, сустрэча сабрала больш за 60 катэхетаў: святароў, сясцёр законных і свецкіх асобаў. Катэхеты выслухалі дзве канферэнцыі, маліліся Ружанец на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўдзельнічалі ў святой Імшы.

Прысутныя асаблівым чынам з’ядналіся ў малітоўным чуванні са шматлікімі вернікамі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, іншымі хрысціянамі і людзьмі добрай волі ў інтэнцыі як мага хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму і мірнага вырашэння грамадскага-палітычнага крызісу ў нашай краіне.

У першай канферэнцыі с. Ірына Барцэвіч FMA i кс. Артур Ляшнеўскі SDB з парафіі ў Смаргоні засяродзілі ўвагу на спецыфіцы салезіянскай катэхезы, а таксама падзяліліся ўласным досведам. Яны падкрэслілі, што для святога Яна Боско было заўсёды важным выхаванне сумленных грамадзян і добрых хрысціян.

У другой канферэнцыі а. Томаш Ксёнжкевіч CMF, пробашч парафіі Хрыста Валадара ў Азёрах, закрануў тэму малітвы ў штодзённым служэнні кожнага катэхета. Святар адзначыў, што кожны катэхет павінен быць чалавекам малітвы і падтрымліваць малітвай усіх сваіх вучняў.

Галоўным пунктам сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй удзельнічалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.

Таксама іерарх заклікаў усіх да малітвы за нашу краіну і за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, каб ён мог як мага хутчэй вярнуцца да сваёй паствы.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што перад кожным катэхетам чарговы год спаўнення ганаровай і прыгожай, а адначасова вельмі цяжкай і патрабавальнай задачы — фармавання маладых сэрцаў іх вучняў, выхавання ў іх паставы веры, прывядзення іх да асабістай сустрэчы з Хрыстом.

Іерарх дадаў, што, каб належным чынам рэалізаваць гэтую задачу, «кожны катэхет павінен быць чалавекам глыбокай і жывой веры, поўным Божага духу, тым, які любіць Хрыста і Яго Добрую Навіну».

Ён заўважыў, што сапраўдная катэхеза — гэта больш выхаванне, чым навучанне.

«Задача катэхета не толькі і не столькі ў перадачы вучням пэўнага аб’ёму ведаў, колькі найперш у тым, што Святы Айцец Францішак называе суправаджэннем на шляху веры. Катэхеза, якая суправаджае, спрыяе таму, што катэхізаваны пастаянна ўзрастае ў Божай ласцы, прыпадабняецца да Хрыста, развівае ў сабе жыццё паводле Духа, якое прыносіць плён ва ўсё большай хвале Бога», — сказаў іерарх.

Па яго словах, першай і найважнейшай мэтай выхаваўчай дзейнасці катэхета павінна быць падрыхтоўка дзяцей да малітвы і да святых сакрамэнтаў.

Біскуп Аляксандр падзякаваў катэхетам за вялікую працу суправаджэння вучняў ва ўзрастанні ў веры, a таксама за тое, што ўласным стаўленнем, паводзінамі, стылем жыцця яны даюць вучням прыклад веры.

Словы ўдзячнасці ён выказаў Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам кс. Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла толькі радасць і задавальненне.

Сустрэча стала нагодай набрацца духоўных сіл, патрэбных для таго, каб весці дзяцей і моладзь да Бога — крыніцы ўсялякага дабра.

У яе ходзе катэхеты мелі таксама магчымасць абмяняцца вопытам у штодзённым навучанні і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.

Завяршылася сустрэча супольным абедам у сталоўцы семінарыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.