6 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі.
Урачыстасці папярэднічаў своеасаблівы «малітоўны марафон» — Саракагадзіннае набажэнства, якое сабрала ў мястэчка, дзе калісьці знаходзілася адна з самых шанаваных на нашай зямлі цудадзейных ікон Маці Божай, вернікаў з розных мясцін Беларусі.
Завяршылася набажэнства ў невялічкай каплічцы, што пакуль замяняе тутэйшым вернікам знішчаную багаборчай савецкай уладай велічную святыню, благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якое ўдзяліў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.
Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша на месцы даўніх каталіцкіх могілак. У ёй узялі ўдзел некалькі соцень вернікаў, а таксама слухачы «Радыё Марыя», якія духоўна далучыліся да малітвы з дапамогаю прамой трансляцыі.
Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Удзельнікаў фэсту прывітаў з выгнання таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Перад пачаткам святой Імшы слова арцыпастыра зачытаў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Ад сябе іерарх дадаў, што, на жаль, сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі было немагчыма арганізаваць традыцыйную пешую пілігрымку з Магілёва ў Бялынічы, якая павінна была прайсці ўжо ў пяты раз.
Біскуп Яшэўскі сардэчна прывітаў усіх, хто ў індывідуальным парадку прыбыў на фэст з Магілёва, Мінска, Шклова, Фашчаўкі, Княжыцаў, Чавусаў, Горак, Мсціслава, Крычава, Касцюковічаў, Бабруйска, Глуска, Асіповічаў, Бараўлянаў, Беразіна, Талачына, Смаргоні, Ашмянаў, Ваўкавыска, Свіра, Вілейкі, Рубяжэвічаў і з іншых мясцін Беларусі.
Іерарх запрасіў удзельнікаў урачыстасці да супольнай малітвы праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай у інтэнцыі Бацькаўшчыны і ўсяго беларускага народа, за Касцёл на Беларусі, асабліва на Магілёўшчыне, аб хутчэйшым вяртанні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, за пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, за тых, хто намі кіруе, за тых, хто змагаецца за праўду і мір, за ўсіх ахвяраў і пацярпелых у падзеях апошняга месяца.
У прамоўленай гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі засяродзіўся на цэнтральнай праўдзе хрысціянства, якой з’яўляецца любоў, уцелаўлёная ў асобе Езуса Хрыста, народжанага з Найсвяцейшай Панны Марыі. Біскуп зазначыў, што Яго прыйсце ў свет мела на мэце зноў паяднаць чалавека з Богам повяззю любові, разарванаю грахом.
«Найбольшы грэх — гэта адсутнасць любові ў сэрцы чалавека. З-за гэтага цярпеў Хрыстус. З-за гэтага Яго прыбілі да крыжа, з-за гэтага Ён праліў сваю кроў. Калі б была сапраўдная любоў, людзі, напэўна, па-іншаму ўспрынялі б Яго місію», — сказаў біскуп Касабуцкі.
Ён нагадаў, што, паміраючы на крыжы, Збаўца не перастаў любіць людзей: нават тых, якія прычынялі Яму вялізныя пакуты. Езус просіць у свайго Айца прабачыць ім, бо яны не ведаюць, што чыняць. У сваёй бязмежнай любові Езус у асобе святога Яна даручае ўсё чалавецтва сваёй Найсвяцейшай Маці, якая стаяла пад крыжам і разам са сваім Сынам падзяляла Яго страшэнныя пакуты за збаўленне ўсіх людзей.
«Божая любоў да нас праявілася ў тым, што Бог заўсёды жадае дабра для кожнага чалавека», — сцвердзіў іерарх.
Ён дадаў, што калі чалавек не хаваецца ад Божай ласкі, а шчырым сэрцам просіць яе, ён атрымлівае ад Бога патрэбныя дары. Езус шчодра ўдзяляе іх праз заступніцтва сваёй Маці паўсюль, хоць некаторыя месцы, у тым ліку і Бялынічы, славутыя асаблівымі праявамі Божай любові і дабрыні. Калі чалавек не толькі просіць Бога, але і робіць пэўны высілак, каб наблізіцца да Яго ў малітве або ідучы ў пілігрымцы да цудадзейнага абраза, ён духоўна ўмацоўваецца і атрымлівае шчодрыя Божыя дары.
Грунтуючыся на чытаннях з нядзельнай літургіі слова, біскуп Юрый прапанаваў паразважаць таксама над тым, якім чынам можа праяўляцца любоў да іншага чалавека. Іерарх адзначыў, што праяваю любові могуць быць не толькі словы і справы падтрымкі і дапамогі, але і братні напамін, які асцерагае таго, хто ступіў на небяспечны шлях граху, што вядзе чалавека да асабістай катастрофы, да вечнай згубы ў пекле. Такім чынам, добразычлівае слова заўвагі таксама з’яўляецца ўчынкам любові. Біскуп дадаў, што калі словы не дапамагаюць, усё роўна нельга заставацца абыякавым: за такога чалавека, нават няверуючага, трэба маліцца.
«Сапраўдная любоў — гэта не аднаразовы акт, а штодзённае імкненне рабіць дабро іншаму чалавеку, жаданне яго навяртання і збаўлення», — зрабіў выснову Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Праз заступніцтва Маці Божай ён папрасіў для ўсіх вернікаў ласкі сапраўднай любові, якая дапаможа рабіць добрыя ўчынкі, прабачаць тым, хто нас крыўдзіць, не трымаць на іх зла.
«Маці Божая Бялыніцкая няхай дапаможа кожнаму з нас у нашых штодзённых жыццёвых патрэбах. Няхай дапаможа нашай краіне, прынясе на нашую зямлю благаслаўленне, мір і згоду, аб якіх мы молімся кожны дзень, каб ніхто нікому не рабіў шкоды, каб людзі зноў жылі ў радасці, а не ў страху за сваю будучыню.
Молімся аб як найхутчэйшым вяртанні нашага Мітрапаліта на Бацькаўшчыну, каб ён кіраваў нашым Касцёлам не па тэлефоне, з-за мяжы, а непасрэдна тут, на месцы; каб ён умацоўваў нас не толькі тымі пасланнямі, якія мы цяпер чытаем, а каб мог асабіста звярнуцца да вернікаў.
Молімся за ўсіх, каму найбольш патрэбная наша малітва, нават калі яны нас не прасілі аб гэтым», — сказаў на заканчэнне біскуп Юрый Касабуцкі.
Паралельна з каталіцкім фэстам у Бялынічах 6 верасня праходзіў Дзень беларускага пісьменства, у межах якога на галоўнай плошчы горада непадалёк ад праваслаўнай царквы быў адкрыты памятны знак з выяваю страчанага падчас Другой сусветнай вайны цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай.