6 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі. Удзельнікаў фэсту прывітаў з выгнання Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Перад пачаткам святой Імшы, цэлебрацыю якой на месцы даўніх каталіцкіх могілак узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, вернікі стоячы выслухалі слова, якое да іх у складанай сітуацыі скіраваў арцыпастыр. Яго зварот з выгнання зачытаў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да ўдзельнікаў урачыстасці Маці Божай Бялыніцкай
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Сардэчна вітаю ўсіх вас, сабраных на святкаванне чарговага фэсту Маці Божай Бялыніцкай. У сувязі з тым, што пагранічныя службы Беларусі забаранілі мне вярнуцца на Радзіму, вітаю вас з-за мяжы.
Духам і малітвай яднаюся з усімі ўдзельнікамі сённяшніх урачыстасцяў. Адлегласць паміж намі не можа аслабіць нашае адзінства.
Дзякую Біскупскаму вікарыю для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупу Аляксандру Яшэўскаму і пробашчу бялыніцкай парафіі кс. Юзафу Сярпейку за развіццё культу гэтай усім нам такой дарагой і блізкай святыні, якой з’яўляецца цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай. Са словамі ўдзячнасці звяртаюся да Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, які ўзначальвае сённяшнія ўрачыстасці і які ўсклаў на свае плечы кіраванне архідыяцэзіяй падчас маёй адсутнасці.
Сёлетнія ўрачыстасці знакавыя, бо ўводзяць нас у год падрыхоўкі да круглай даты: 260-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, які стаў другой пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай каранаванай іконай Багародзіцы ў Беларусі. Сама каранацыя не павялічвае святасць Марыі. Яна — Каралева неба, зямлі і ўсіх святых. Аднак каранацыя з’яўляецца знакам таго, што ўжо больш за 250 гадоў таму культ Бялыніцкага абраза Маці Божай быў моцна развіты. Сёння, падчас адраджэння рэлігійнага жыцця ў нашай Бацькаўшчыне пасля сямідзесяці гадоў атэізацыі, нам неабходна зноў адраджаць і ўмацоўваць гэты культ.
Марыю мы называем Каралевай супакою. Да Яе як Каралевы супакою мы звяртаемся сёння з надзеяй, калі наша Бацькаўшчына перажывае нябачаны дагэтуль грамадска-палітычны крызіс.
Аднак неабходна памятаць і аб тым, што не будзе міру ў грамадстве, пакуль яго не будзе ў нашых сэрцах. А ён настане тады, калі мы па прыкладу Марыі скажам нашае «так» Богу. Сказаць Богу «так» азначае жыць згодна з Яго законам. Не змяняць Божы закон і не перайначваць яго, да чаго імкнецца сучасны свет, але выконваць.
Сваім Fiat — выразам згоды прыняць Божую волю — Марыя дае прыклад нам, людзям ХХІ стагоддзя, як адказваць на небяспечныя выклікі часу, каб будаваць цывілізацыю любові, міру і жыцця.
Гэта нам так патрэбна сёння, калі сучасны крызіс ужо прывёў да адкрытага супрацьстаяння розных палітычных і грамадскіх пазіцый на вуліцах і плошчах нашых гарадоў. Грамадзяне аднойй Бацькаўшчыны, якая з’яўляецца нашай сям’ёй, паднялі руку адзін на аднаго. У выніку мы сталі сведкамі насілля: пралілася кроў, з’явіліся параненыя з абодвух бакоў, тысячы людзей былі зняволены, шмат пакалечаных.
Грамадства падзялілася. Праяўляецца нянавісць і пагрозы адных супраць другіх, што не адпавядае хрысціянскаму прынцыпу быць справядлівымі ў міласэрнасці. Нам усім сёння патрэбны дух пакаяння і прабачэння.
Мір у свеце распачынаецца з міру ў сэрцы чалавека. Без гэтага немагчыма адрадзіць мір і давер адзін да аднаго ў нашым грамадстве, каб будаваць яго шчаслівую будучыню.
Загояцца фізічныя раны, але колькі часу спатрэбіцца для таго, каб залячыць духоўныя! Таму сёння папросім Маці Божую Бялыніцую, каб выпрасіла ўсім нам ласку вяртання да міру ў нашых сэрцах як умовы ўсталявання міру і згоды ў грамадстве.
Сардэчна дзякую за вашыя малітвы ў інтэнцыі мірнага вырашэння сацыялна-палітычнага крызісу ў нашай краіне і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання на Радзіму. Я адчуваю вашу маральную падтрымку і салідарнасць. Такім чынам, знаходзячыся далёка адно ад аднаго, мы ў той жа час дзякуючы веры і прыналежнасці да Касцёла застаемся разам.
Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Бялыніцкай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Беласток, 6 верасня 2020 г.