Пошук

04.09.2020 11:21   Catholic.by

На пачатак новага катэхетычнага года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кіруе з выгнання традыцыйнае Пастырскае пасланне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

ВУЧЫЦЬ БОЖАЙ ПРАЎДЗЕ

Пастырскае пасланне на 2020–2021 катэхетычны год

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
свецкія катэхеты, браты і сёстры!

1. Мэта жыцця чалавека заключаецца ў тым, каб дасягнуць вечнага шчасця. Для гэтага мы павінны жыць згодна з Божым законам і праслаўляць Бога ў Святой Тройцы, ад якой усё паходзіць і да якой усё накіроўваецца. Таму новы катэхетычны год, як і кожную іншую справу, нам, хрысціянам, належыць распачаць у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Перад намі час навучання і фармацыі як маладога пакалення, так і дарослых.

Галоўным заданнем Касцёла была, ёсць і будзе евангелізацыя. Гэтае заданне вынікае з пасланніцтва Езуса, якое апосталы атрымалі перад Яго Унебаўшэсцем: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19).

Божы закон нязменны, аднак змяняюцца часы і іх выклікі. Менавіта таму святы Ян Павел II у жыццё Касцёла ўвёў новы тэрмін — «новая евангелізацыя».

Яна павінна ўлічваць абставіны, у якіх праводзіцца абвяшчэнне веры, і выкарыстоўваць новыя магчымасці для большай яго эфектыўнасці. Таму павінны змяняцца і метады евангелізацыі, аднак з захаваннем традыцыйных, якія паспяхова прайшлі выпрабаванне часам. Трэба вучыць людзей пра неабходнасць жыцця паводле Божага закону, а не толькі захавання хрысціянскіх звычаяў, як, напрыклад, благаслаўленне вербаў, пасхальнай ежы, крэйды, пасыпання галоваў попелам на пачатку Вялікага посту і г.д.

У наш час вялікай праблемай становіцца жыццё паводле Божага закону, які знаходзіцца ў Божым слове. На жаль, вельмі часта мы становімся выключна яго слухачамі, якія падманваюць сябе саміх, бо не жывуць паводле яго. Сутнасным элементам катэхізацыі павінна стаць фармаванне сэрцаў людзей, асабліва маладых, паводле прыцыпаў Евангелля, так, каб яны не толькі іх ведалі, але і жылі згодна з імі. Пры гэтым вельмі добра памятаць словы святога апостала Якуба, што вера без учынкаў мёртвая (пар. Як 2, 26).

Сучасны свет патрабуе не толькі людзей, якія добра ведаюць Евангелле, але перадусім яго сведкаў.

2. 30 гадоў таму пры парафіях у Беларусі распачалі сваю дзейнасць «нядзельныя школы», якія да сённяшняга дня з’яўляюцца адзінай магчымасцю рэгулярнай катэхізацыі дзяцей у нашай краіне. За гэты час яны знайшлі сваё месца ў свядомасці дзяцей, моладзі, бацькоў, святароў і катэхетаў. У іх ствараецца клімат сустрэчы з прысутным у Касцёле жывым Хрыстом праз вывучэнне гісторыі збаўлення, Божае слова, сакрамэнтальнае жыццё і служэнне бліжнім.

Сучасная матэрыялістычная і спажывецкая цывілізацыя з’яўляецца сур’ёзным выклікам для Касцёла. Яна ставіць шмат пытанняў адносна спосабу перадачы веры. Адказаць на іх зможа Касцёл як супольнасць, бо не толькі святары, кансэкраваныя асобы ці катэхеты адказныя за справу выхавання ў веры маладога пакалення, але ўвесь Божы народ.

Вядучая роля належыць бацькам як першым настаўнікам веры для сваіх дзяцей, іх першым выхаваўцам і сведкам Евангелля. Бацькі і хросныя падчас хросту дзіцяці абяцалі выхоўваць яго ў хрысціянскай веры. Гэтае абяцанне не можа быць толькі фармальнасцю: яго неабходна выконваць.

Вялікае значэнне адыгрывае парафія, дзе нараджаецца вера і дзе малады чалавек можа набыць вопыт жыцця ёю праз удзел у Эўхарыстыі, набажэнствах і іншых парафіяльных акцыях.

Адна «нядзельная школа» без актыўнай падтрымкі сем’яў і парафіяльнай супольнасці не зможа паспяхова несці цяжар выхавання ў веры.

І тут выяўляецца сутнасная праблема сучаснай мадэлі беларускай катэхізацыі. Вельмі часта людзі думаюць, што ўсё павінен зрабіць Касцёл: парафія, святары, кансэкраваныя асобы і катэхеты. Разам з тым нярэдка бацькі, хоць і прыводзяць дзяцей на катэхезу, але самі не ў поўнай меры жывуць праўдай, якую пазнаюць іх дзеці.

У выніку мы маем тое, што маем: пасля Першай споведзі і Камуніі дзеці далёка не заўсёды ходзяць на далейшую катэхізацыю ці прымаюць удзел у набажэнствах. Усё гэта нагадвае старую сістэму — «для галачкі». Дзіця прыняло Першую Камунію, пра што нагадваюць здымкі і фільмы, і на гэтым рэлігійная фармацыя завяршаецца.

Такая мадэль не працуе і не прыносіць належнага выніку. Старая лацінская прымаўка кажа: Repetitio est mater studiorum — «Паўтарэнне — маці вучэння». Бацькі павінны разумець важнасць духоўнага выхавання сваіх дзяцей, больш заахвочваць і матываваць іх працягваць рэлігійную фармацыю. Трэба памятаць і аб належнай падрыхтоўцы да сакрамэнтаў канфірмацыі і сужэнства.

Бацькі павінны таксама быць прыкладам хрысціянскага жыцця для сваіх дзяцей, што вельмі важна для іх рэлігійнага выхавання.

Маладым гэта вельмі патрэбна. Яны задаюць пытанні. Задаюць іх перадусім бацькам і чакаюць адказу. Адказу не толькі на словах, але і ў канкрэтных жыццёвых справах.

Таму маладым людзям у працэсе іх духоўнай фармацыі патрэбныя кіраўнікі ці «гіды», як прынята казаць у наш час. Тры пакаленні нашыя продкі пакутвалі ад таго, што не маглі вучыць веры сваіх дзяцей адкрыта. Увесь гэты час яны маліліся да Бога праз заступніцтва Марыі з надзеяй, што настане час свабоды веравызнання. Ён настаў, і мы павінны дзякаваць за гэты дар, які адначасова з’яўляецца заданнем для Касцёла, бацькоў і дзяцей.

3. Дарагія бацькі!

Сёння Касцёл удзячны тым старэйшым людзям, якія тры дзесяцігоддзі таму звярталіся да святароў з настойлівымі просьбамі арганізаваць нармальную катэхізацыю. Гэта быў выразны знак іх клопату аб рэлігійным выхаванні моладзі.

З таго часу мінула цэлае пакаленне. Тыя, каго тады катэхізавалі, сёння самі прыводзяць сваіх дзяцей на заняткі па рэлігіі. Запал продкаў не павінен прапасці. Гарманічнае супрацоўніцтва сям’і, парафіі і «нядзельнай школы» дасць станоўчы плён у фармацыі маладога пакалення ў духу моцнай веры і яе сведчання.

У сучасным свеце нялёгка стварыць адпаведныя ўмовы для хрысціянскага выхавання дзяцей.

Нягледзячы на гэта, бацькі павінны рабіць усё магчымае, каб Бог быў прысутны ў іх сем’ях. Таму неабходна памятаць пра супольную штодзённую малітву і ўдзел у нядзельнай і святочнай святой Імшы.

Бацькі, вы з’яўляецеся першымі настаўнікамі малітвы і хрысціянскіх цнотаў для сваіх дзяцей, і ніхто не можа вас у гэтым замяніць. Захоўвайце рэлігійныя звычаі і працягвайце хрысціянскія традыцыі. Вучыце дзяцей пашане да кожнага чалавека. Вашым галоўным заданнем павінна быць выхаванне маладога пакалення ў еднасці з Хрыстом і Касцёлам. Толькі так вы захаваеце вернасць вашаму бацькоўскаму пакліканню і духоўным патрэбам сваіх дзяцей.

4. Дарагая моладзь!

Я звяртаюся да вас і малюся, каб вы заўсёды заставаліся вернымі евангельскім ідэалам! Няхай удзел у катэхезе і рэлігійнай фармацыі дапаможа вам узрастаць да паўнаты хрысціянства паводле ўзору дасканалага чалавека, якім ёсць Езус Хрыстус. Заахвочваю вас таксама дапамагаць катэхетам ў арганізацыі і правядзенні розных касцёльных мерапрыемстваў, як, напрыклад, «андрэйкі», «мікалайкі», парафіяльныя адпусты і да т.п.

Дарагія дзеці! Вы з’яўляецеся самым каштоўным скарбам для вашых бацькоў.

Старайцеся сваімі добрымі паводзінамі, добрай вучобай у школе і на занятках па рэлігіі прыносіць ім радасць. Яны з вялікай ахвярнасцю клапоцяцца пра ваш дабрабыт, інтэлектуальнае, духоўнае, культурнае і фізічнае выхаванне. Аддзячце ім за іх клопат сваёй малітвай, лагоднасцю, паслухмянасцю, стараннем як мага лепш вучыцца, набываць веды, любіць кожнага чалавека, ніколі не крыўдзіць слабейшых. Пры гэтым памятайце, што Добры Бог вас любіць і хоча з вамі ісці ў школу, на заняткі па рэлігіі і суправаджаць праз усё жыццё.

Дарагія катэхеты!

Нягледзячы на складанасці ў духоўным і чалавечым выхаванні маладога пакалення, якія нясе сучасная секулярная культура, вы пакліканы да вельмі адказнай і незаменнай місіі быць фарматарамі нашай будучыні. Няхай вамі кіруе любоў да маладога пакалення і пашана да хрысціянскіх традыцый нашага народа.

Дзякуючы вам за вашае ахвярнае служэнне Касцёлу, заахвочваю памятаць пра неабходнасць павышэння педагагічнай кваліфікацыі, каб быць настаўнікамі веры ў адпаведнасці з выклікамі часу і яе сапраўднымі сведкамі. Дабро маладога пакалення няхай будзе клопатам вашага жыцця і служэння.

Асабліва дзякую тым, хто імгненна адказаў на просьбу падрыхтаваць цыкл катэхез падчас пандэміі каранавірусу. Дзякуючы практычнай рэалізацыі гэтай ініцыятывы дзеці маглі дыстанцыйна працягнуць працэс катэхізацыі ў мінулым катэхетычным годзе.

5. Дарагія браты і сёстры!

Перад намі новы катэхетычны год, які мы распачынаем у юбілейны год 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла II — вялікага катэхета і выхаваўца моладзі.

Перад сваёй смерцю 2 красавіка 2005 года, даведаўшыся, што моладзь прыйшла на плошчу Святога Пятра ў Рыме, ён сказаў: «Я вас шукаў, і вы прыйшлі»1. Сапраўды, Вялікі Папа шукаў моладзь падчас Сусветных дзён моладзі, аўдыенцый і шматлікіх сустрэч. Ён казаў, што моладзь — гэта будучыня Касцёла і свету2. Ад таго, якой яна будзе, залежыць, якім будзе Касцёл і свет.

Няхай гэтая думка суправаджае вас усіх: святароў, кансэкраваных асобаў, катэхетаў, бацькоў, моладзь і дзяцей у новым катэхетычным годзе з мэтай вучыць маладое пакаленне нязменнай Божай праўдзе, каб сваё жыццё будавалі на заўсёды актуальных прынцыпах Евангелля.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, Сталіцы мудрасці, на гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Беласток, 3 верасня 2020 г., Успамін св. Грыгорыя Вялікага, Папы і Доктара Касцёла

Выкарыстаная літаратура:

1 «Szukałem was, a teraz wy przyszliście do mnie» w: Miłujcie się! / https://milujciesie.pl/szukalem-was-a-teraz-wy-przyszliscie-do-mnie.html;

2 Пар.: Ян Павел ІІ. Пасланне на Першы Сусветны дзень моладзі 1985 г.

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам у XXIV звычайную нядзелю 13 верасня 2020 г.

Абноўлена 04.09.2020 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа