Пошук

31.08.2020 10:40   Фота: Таццяна Амеліна / Сhurch.by / Catholic.by

У нядзелю 30 жніўня ўвечары ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы епіскап Веніямін, прызначаны Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, узначаліў малебен з акафістам Успенню Найсвяцейшай Багародзіцы і малітвай за беларускі народ.

Адначасова падобныя набажэнствы з малітвай за Бацькаўшчыну па благаслаўленні епіскапа Веніяміна адбываліся ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.

Католікі мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены ў Чырвоным касцёле таксама духоўна далучыліся ў малітве да нашых суайчыннікаў, праваслаўных братоў і сясцёр.

У набажэнстве ў галоўнай праваслаўнай святыні беларускай сталіцы ўзялі ўдзел шматлікія вернікі, якія адгукнуліся на заклік свайго пастыра і праз заступніцтва Багародзіцы маліліся аб міры і згодзе на беларускай зямлі.

Як перадае партал Беларускай Праваслаўнай Царквы Сhurch.by, у прамоўленым на заканчэнне супольнай малітвы казанні епіскап Веніямін заўважыў, што малітва можа здавацца сучаснаму няверуючаму чалавеку чымсьці нязначным, але насамрэч яна вельмі дзейсная.

«Малітва — гэта самая цяжкая праца, але і самая плённая», — падкрэсліў праваслаўны іерарх, нагадаўшы пра асаблівае значэнне малітвы псальмамі са Святога Пісання.

Новапрызначаны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі заклікаў вернікаў Праваслаўнай Царквы шукаць перадусім духоўныя прычыны трывожных і неспакойных падзей, якія адбываюцца ў нашым грамадстве.

«Што будзе далей? — задаў рытарычнае пытанне епіскап Веніямін і даў на яго бясспрэчны духоўны адказ: —

Далей будзе тое, што дасць Бог. Што дасць Бог па нашай малітве».

Праваслаўны іерарх дадаў, што цяпер за Беларусь моляцца таксама хрысціяне ў розных краінах свету. Тым больш беларускія вернікі павінны з’яднацца ў трывалай малітве да Бога, каб такім чынам дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне.

«І будзе водгук з Неба! Найсвяцейшая Багародзіца, дапамагай нам!» — сказаў на заканчэнне казання новапрызначаны кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Абноўлена 24.09.2020 14:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.