Групе Ананімных алкаголікаў «На гары», арганізаванай у парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску, споўнілася пяць гадоў. За час сваёй дзейнасці супольнасць дапамагла многім людзям распачаць новае жыццё.
Першая супольнасць Ананімных алкаголікаў з’явілася ў ЗША ў 1935 г. У 50-я гады рух распаўсюдзіўся ў Еўропе. У Беларусі групы самадапамогі АА сталі з’яўляцца з 1990 г.
Сёння ў Мінску іх налічваецца 22, тры з іх дзейнічаюць пры каталіцкіх парафіях.
Людзі, якія не змаглі справіцца з узніклай перад імі праблемай, шукаюць падтрымкі сярод тых, хто побач. Звярнуўшыся пяць гадоў таму да пробашча парафіі Маці Божай Будслаўскай, яны папрасілі падтрымаць іх у жаданні пачаць новае, цвярозае і паўнавартаснае жыццё.
Вельмі важна ў гэты час праявіць цярплівасць і разуменне да таго, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Важным пытаннем у дапамозе з’яўляецца ананімнасць звароту і давер. Гэта не сакрэтнасць, а сціпласць і бяспека. Менавіта гэта адчулі людзі, звярнуўшыся са сваімі праблемамі да святара, робячы першы крок да аздараўлення.
Групу Ананімных алкаголікаў «На гары» стварылі не дактары, не сацработнікі, а самі залежныя, якія зразумелі, што трэба змагацца з дапамогаю Вышэйшай Сілы. Некаторыя прыходзяць на сустрэчы з моманту заснавання групы. Аб’яднаўшыся, напоўніўшы свае сэрцы духоўнасцю, яны паказалі сілу гэтага руху.
Досвед працы супольнасці ў парафіі паказаў добрыя вынікі і пацвердзіў эфектыўнасць такой дапамогі людзям.
За пяць гадоў працы група дапамагла многім людзям пачаць весці цвярозы лад жыцця. Менавіта дзякуючы супольнасці Ананімных алкаголікаў многія змаглі распазнаць у сабе кліч Бога і звярнуцца да свайго Творцы. Сёння яны ўмацаваныя духоўна, ствараюць сем’і, у якіх растуць дзеці. Сімвалам іх новага жыцця стала пасаджанае каля касцёла дрэва.