Пошук

24.08.2020 14:37   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Леанід Шчаглоў / belta.by / Catholic.by

23 жніўня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбылося адкрыццё і благаслаўленне адноўленага галоўнага алтара, якое здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Касцёл пры даўнім кляштары сясцёр брыгітак з’яўляецца адной з найстарэйшых каталіцкіх святынь у Гродне. Сёння ён вядомы тым, што пры ім пад кіраўніцтвам рэктара касцёла ксяндза каноніка Антонія Грэмзы дзейнічае моладзевае душпастырства Open. Яно аб’ядноўвае сотні юнакоў і дзяўчат, якія жывуць і вучацца ў горадзе на Нёмане.

У 1950-я гады бязбожныя савецкія ўлады прыстасавалі святыню пад склад. На працягу 40 гадоў яе выкарыстання ў гэтай якасці ўсярэдзіне было знішчана ўсё гістарычнае аздабленне, у тым ліку і старадаўнія алтары.

Касцёл нанава асвяцілі і зрабілі рамонт, але алтароў у ім не было да гэтага часу.

Пра іх выгляд можна меркаваць толькі па старых фотаздымках інтэр’ераў святыні. Часткова захаваліся толькі фрагменты старадаўніх алтароў.

Аднаўляць галоўны алтар касцёла на ўзор зробленага ў XVII ст. з чорнага дрэва пачалі ў верасні 2019 года. Майстры-рэстаўратары зрабілі яго з каменных блокаў, пакрытых венецыянскім мармурам.

Урачыстасць у гонар 30-годдзя вяртання святыні пачалася з мультымедыйнай прэзентацыі «Алтар у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне — мінулае і сённяшняе», дзякуючы якой прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй шматпакутнай святыні.

Апоўдні распачалася святая Імша, падчас якой адбылося асвячэнне адноўленага алтара.

Цэлебрацыю ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх звярнуўся да вернікаў з Божым словам, у якім адзначыў, што ў амерыканскай каталіцкай традыцыі 21-я звычайная нядзеля, у якую адбывалася асвячэнне адноўленага алтара, называецца Power Sunday — «Нядзеля моцы». Галоўнай тэмай літургічных чытанняў гэтага дня з’яўляецца Бог — крыніца кожнай улады.

«Бог дзеліцца сваёй уладай з выбранымі кіраўнікамі народа: Папам, біскупамі, святарамі і гэтак далей для духоўнага і матэрыяльнага дабра людзей. Выбары прэзідэнта нашай дзяржавы, што нядаўна адбыліся, выклікалі шмат нараканняў і сталі прычынай грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.

Чаму так адбылося? Пісанне кажа, што кожная ўлада ад Бога, і гэта праўда. Але важна таксама тое, як чалавек яе выкарыстоўвае і рэалізуе. <…> Таму нельга перакладаць адказнасць на Бога, калі ўлада не адпавядае чаканням людзей», — заўважыў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Арцыбіскуп дадаў, што сапраўдная, Божая ўлада мацнейшая за моц зла, за «брамы пякельныя».

«Гісторыя Касцёла ў былым Савецкім Саюзе і гэтага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне, вядомага як пабрыгіцкі, пацвярджае гэтую праўду», — сцвердзіў арцыпастыр.

Ён выказаў шчырую ўдзячнасць сёстрам назарэтанкам і ўсім вернікам, дзякуючы якім касцёл, зачынены на працягу 40-а гадоў панавання сілаў зла, быў вернуты яго законным гаспадарам — каталіцкай супольнасці Гродна.

Гаворачы пра значэнне адноўленага алтара, арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што ён вяртае старадаўняму касцёлу яго першапачатковы выгляд, з’яўляецца месцам захавання Найсвяцейшага Сакрамэнту, а прадстаўлены ў ім цэнтральны абраз Звеставання — навочнай катэхезай важнай падзеі з гісторыі збаўлення і заклікае наследаваць Марыю ў Яе гатоўнасці заўсёды адказваць «так» Богу і прымаць Яго волю.

«На цяперашні грамадска-палітычны крызіс у нашай краіне трэба глядзець не толькі як на праблему, але і як на шанц, на новую магчымасць. Нельга жыць у застоі. Стаячая ў прудзе вада загнівае, а мы хочам чыстай жывой вады. Лацінскі выраз кажа: Qui non progredit, regredit — „Хто не развіваецца, той вяртаецца назад“. Гэтае правіла актуальнае не толькі ў эканоміцы, навуцы, культуры, але і ў грамадскім жыцці. <…> Мы не павінны баяцца ставіць перад сабой новых патрабаванняў і плыць супраць плыні. Гэта, аднак, патрабуе не толькі фізічных і інтэлектуальных сіл, але і духоўных. А іх мы можам чэрпаць толькі ад Бога», — падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Ён завяршыў гамілію заахвочваннем як мага часцей хадзіць у касцёл і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, каб сілкавацца хлебам вечнага жыцця, умацоўвацца Божай ласкай і узрастаць у вечнай мудрасці Божага слова, каб не баяцца ісці наперад і пад дзеяннем Святога Духа змяняць аблічча Бацькаўшчыны.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт моладзевага гурта Open і святкаванне ва ўнутраным дворыку даўняга брыгіцкага кляштара.

Акрамя таго, усе жадаючыя мелі магчымасць наведаць музейную экспазіцыю ў сутарэннях касцёла з мясцовым экскурсаводам.

Абноўлена 24.08.2020 15:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця