30 гадоў таму былы брыгіцкі касцёл у Гродне вярнулі вернікам. Усе алтары ў ім былі знішчаны ў 1950-я гады, калі ў святыні зрабілі склад. Да жніўня, калі тут будуць святкаваць юбілей адраджэння касцёла, адновяць галоўны алтар.
Пра працэс аднаўлення распавёў Hrodna.life рэктар касцёла ксёндз канонік Антоні Грэмза.
Галоўны алтар касцёла зрабіў Георгій Цельг з Гродна ў 1646 годзе. Алтар быў зроблены з чорнага дрэва і пакрыты лакам. Яго ўпрыгожвалі кручаныя вінтавыя пазалочаныя калоны. У цэнтры алтара быў галоўны абраз — Звеставанне Панне Марыі. Абраз быў здымным. Пад ім у паглыбленні алтара быў другі абраз — Маці Божай Снежнай. Уверсе і ўнізе алтар упрыгожвалі фігуры святых — Аўгустына, Уладзіслава, Казіміра і Войцеха. Наверсе ў цэнтры стаяла фігура Міхала Арханёла з мячом і вагамі. Побач размяшчаліся анёлы.
«Алтар быў аздобаю касцёла. Вельмі ён быў прыгожы і шыкоўны», — кажа ксёндз Антоні. Па словах святара, за ўвесь час існавання касцёла алтар не перабудоўвалі, ён заставаўся нязменным з XVII ст.
Алтар перажыў рэвалюцыю і дзве сусветныя вайны. Яго разбурылі ў 1950-я гады.
Тады савецкія ўлады зачынілі святыню і прыстасавалі памяшканні пад шпітальныя склады. Сёстрам назарэтанкам удалося вынесці абразы. Іх схавалі ў пабэрнардынскім касцёле. Але стары арган і алтары вынесці было немагчыма.
«На той момант у касцёле было пяць алтароў. Усе іх разабралі і аддалі ў нацыянальныя музеі, у Мінск і некуды яшчэ.
Мы да канца не ведаем, куды», — кажа ксёндз Антоні.
З 1950 г. у касцёле былі склады. Спачатку імі карыстаўся абласны шпіталь, потым — псіханеўралагічны дыспансер. Ксёндз Антоні распавядае, што ўлады збіраліся зрабіць у святыні канцэртную залу і галерэю, але да гэтага справа не дайшла.
Касцёл вярнулі вернікам толькі ў 1990 г. За 40 гадоў, калі яго выкарыстоўвалі ў якасці склада, тут было знішчана ўсё ўнутранае аздабленне. Пусты касцёл асвяцілі і за два гады зрабілі рамонт.
Але алтароў у святыні не было да гэтага часу. Пра іх выгляд можна меркаваць толькі па старых фотаздымках інтэр'ераў святыні.
Часткова захаваліся толькі фрагменты алтароў.
«З 2007 года, калі я стаў рэктарам гэтай святыні, думаў пра аднаўленне [алтароў]. Касцёл аднаўлялі этапамі: спачатку фасады, потым дах, чарапіца, частку абразоў вярнулі. Прыйшоў час аднавіць алтар. Ён будзе той жа формы і канструкцыі, як у XVII стагоддзі. У нас ёсць захаваныя фотаздымкі алтара. Па іх і аднаўляем», — адзначае святар.
Аднаўляць галоўны алтар касцёла пачалі ў верасні 2019 г. Цяпер яго робяць не з дрэва, а з каменных блокаў, пакрытых венецыянскім мармурам. Па словах кс. Антонія, так будзе мацней і алтар больш паслужыць.
Алтар робяць мясцовыя майстры. Раней яны аднаўлялі алтары ў Беліцы і Вярэйках. Да працы ў пабрыгіцкім касцёле яны прыйшлі з досведам.
Да пачатку мая ўжо гатовыя вінтавыя калоны і абраз Маці Божай Снежнай. Ён, як і раней, змешчаны ў паглыбленні алтара. Цяпер абраз будзе «выязджаць» механічна, раней жа яго здымалі ўручную.
Змена абразоў на алтары — традыцыя пабрыгіцкага касцёла.
На вялікія святы і ў дні, прысвечаныя Панне Марыі, адкрывалі «ўнутраны» абраз Маці Божай Снежнай. У астатнія дні ён быў закрыты «верхнім» абразом Звеставання. Гэты абраз галоўны ў святыні — касцёл мае тытул Звеставання. Знешні абраз будзе 5 метраў вышынёй і 2,5 шырынёй.
«Фігур пакуль не рабілі, яны вельмі дарагія. З часам зробім, вернем іх на ранейшае месца. Трэба, каб алтар быў адноўлены цалкам, — кажа кс. Антоні Грэмза. — Думаю, гэта будзе вялікай падзеяй і для святыні, і для гараджан. Гэта сімвал аднаўлення».
Аднаўленчыя працы аплачваюцца з ахавяраванняў парафіян і сродкаў спонсарскай дапамогі. Галоўны алтар адкрыюць у жніўні. З часам плануецца аднавіць астатнія чатыры алтары.