Пошук

19.08.2020 17:43   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

19 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся пад сценамі ізалятараў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, якія сталі сімвалам катаванняў мірных грамадзянаў, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі наведаў гэтае месца болю і цярпення разам з супрацоўнікамі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Дабрачыннай місіі Добрага самараніна» і валанцёрамі, якія ўсімі сіламі імкнуцца падтрымаць людзей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

А 15-й гадзіне, якая называецца Гадзінай Божай Міласэрнасці, бо ў гэты час Езус Хрысту памёр на крыжы за збаўленне ўсіх людзей, а з Яго прабітага дзідай боку праліліся кроў і вада, прысутныя разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам памаліліся адмысловую малітву — Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Усярэдзіну арцыпастыра не ўпусцілі. На вуліцы, пад дажджом іерарх маліўся разам з групай вернікаў, сярод якіх былі духоўныя і кансэкраваныя асобы і ўдзельніцы руху «Маці ў малітве». Пасля малітвы арцыбіскуп больш за гадзіну размаўляў з людзьмі, якія былі зняволены на Акрэсціна, і з валанцёрамі, якія аказваюць ім дапамогу.

Сабраныя пад сценамі ізалятара, як і напярэдадні каля СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзякавалі кіраўніку каталіцкага епіскапату краіны за яго прынцыповую пазіцыю непрымання насілля. Нагадаем, што Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў апошнія дні неаднаразова звяртаўся з патрабаваннем вызваліць усіх незаконна затрыманых падчас акцый пратэсту мірных грамадзянаў.

 

14 жніўня ён выказаў гэтае патрабаванне ў звароце да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях, а раніцай 18 чэрвеня яшчэ адзін зварот іерарх скіраваў непасрэдна міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву. Адказу ад уладаў да гэтага часу няма.

Абноўлена 24.09.2020 14:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа