Па дарозе на малітву за Беларусь, якая з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій адбывалася ўвечары 18 жніўня ў Чырвоным касцёле, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч затрымаўся на малітву каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Каля сцен старадаўняга астрога іерарх разам з сабранымі людзьмі, якія пратэстуюць супраць незаконных затрыманняў, памаліўся адну таямніцу святога Ружанца. Сабраныя каля Пішчалаўскага замку людзі віталі іерарха і дзякавалі яму за яго пазіцыю ў адносінах да незаконна затрыманых на акцыях пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў мірных грамадзянаў.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў апошнія дні неаднаразова звяртаўся з патрабаваннем вызваліць усіх незаконна затрыманых падчас акцый пратэсту мірных грамадзянаў.
14 жніўня ён выказаў гэтае патрабаванне ў звароце да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях, а раніцай 18 чэрвеня яшчэ адзін зварот іерарх скіраваў міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву.
А 19-й гадзіне па мінскім часе хрысціяне Еўропы на знак салідарнасці з беларускім народам разам маліліся «Ойча наш», каб на нашай зямлі запанавалі праўда, мір і справядлівасць.
Адначасова ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) распачалася малітва за Беларусь з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій.