Пошук

17.08.2020 17:07   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Выканаўчы камітэт Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax выступіў са спецыяльнай заявай адносна цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, заклікаўшы католікаў Еўропы аб’яднацца ў малітве за народ краіны.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у заяве, падпісанай старшынёй выканаўчага камітэту біскупам Даўна і Конара Наэлем Трэанорам (Паўночная Ірландыя), у прыватнасці, сказана: «Мы рашуча асуджаем любыя формы насілля і прымяненне катаванняў з боку беларускіх уладаў супраць затрыманых дэманстрантаў. Мы таксама заклікаем неадкладна вызваліць усіх арыштаваных без аніякіх абгрунтаванняў».

Еўрапейскі камітэт закліклікае далучыцца да малітвы «Ойча наш» за беларускі народ у аўторак 18 жніўня ў 18.00 па цэнтральна-еўрапейскім летнім часе (у 19.00 па мінскім), каб «перамаглі праўда, справядлівасць і мір».

Да беларускіх уладаў скіраваны заклік «прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў і ў поўнай меры паважаць правы чалавека, уключна з правам на жыццё, свабоду сходаў, прэсы і выказвання меркаванняў».

У заяве апісваецца сітуацыя, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і ў выніку непрапарцыйнага насілля, з якім улады спрабавалі здушыць грамадскія пратэсты супраць фальсіфікацый і маніпуляцый.

Еўрапейскі камітэт Iustitia et Pax далучаецца да каталіцкіх біскупаў Беларусі ў іх закліку шукаць праўду, заснаваную на мірным і ўсеагульным дыялогу паміж беларускімі палітычнымі лідарамі і грамадствам у цэлым, каб пазбегнуць далейшага насілля.

Абноўлена 24.09.2020 14:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа