Пошук

19.08.2020 13:32   Паводле: Waladarka.by

З 10 па 11 жніўня студэнты з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе пад апекай ксяндза Уладзіміра Шыдлоўскага SDS здзейснілі сплыў на лодках, наведаўшы востраў Манастыр на возеры Неспіш.

Як паведамляе сайт парафіі, нялёгкае падарожжа распачалося з браслаўскай турбазы да вострава Манастыр і з вострава да гары Маяк да заказной стаянкі, дзе быў запланаваны начлег. Сплыў ад турбазы да Маяка займаў сем гадзін, а назад — восем.

Апрача цяжкасцяў і мазалёў на руках ад веславання, падчас падарожжа заўсёды прысутнічаў добры настрой.

Многія ўпершыню ўбачылі гэты востраў, дзе калісьці быў кляштар, з якога паходзіць цудадзейны абраз, вядомы сёння пад тытулам Маці Божай Валадаркі Азёраў.
Падарожнікі былі захоплены чысцінёй і прыгажосцю Браслаўскіх азёраў. Яны адзначаюць, што сплыў даў кожнаму з іх шмат добрага, прыемнага. Некаторыя, пакінуўшы тэлефоны на беразе і з’яднаўшыся з прыродай, маглі паразважаць над сваім жыццём, паразмаўляць твар у твар з бліжнім. Іншыя, пакінуўшы штодзённыя турботы, выкарысталі гэты час як адпачынак перад працай і вучобай.

Для кагосьці ў гэты нялёгкі час пандэміі і сённяшняй сітуацыі ў грамадстве сплыў адбіўся ў сэрцы як адна з найлепшых хвілін у жыцці.

Абноўлена 19.08.2020 13:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця