Пошук

18.08.2020 10:18   Тэкст: Аляксандр Баранаў, кс. Павел Эйсмант / Фота: Дар’я Брышцель, Аляксандр Баранаў, а. Леанард Адушкевіч OSPPE / Catholic.by

10–15 жніўня па тэрыторыі Гомельскай вобласці, якая ў нашай краіне найбольш пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, упершыню праходзіла пешая пілігрымка з Мазыра да абраза Маці Божай Гомельскай.

Амаль два гады таму біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка запрасіў у Гомель айцоў паўлінаў, каб яны духоўна адрадзілі гістарычную парафію Унебаўзяцця НПМ, нанава створаную пасля амаль 80-гадовага перапынку, а таксама развівалі культ абраза Маці Божай Гомельскай. Перад гэтым Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, адказны за Касцёл ва ўсходняй частцы дыяцэзіі, пабудаваў на новым месцы капліцу, куды прывёз абраз Маці Божай з надзеяй, што Марыя будзе апекавацца маладой парафіяй.

Арганізатарам пілігрымкі стаў пробашч і кусташ санктуарыя а. Леанард Адушкевіч OSPPE. З-за пандэміі каранавірусу пілігрымка праходзіла ў індывідуальным фармаце.

Яе ўдзельнікамі былі два святара — а. Леанард і кс. Павел Эйсмант з Мінска, які далучыўся да пілігрымаў 11 жніўня, а таксама некалькі вернікаў з Мазыра, Светлагорска і Гомеля. Пілігрымаў наведвалі таксама пробашч у Лельчыцах і Ельску кс. Віталь Мысонаў, дэкан Мазырскага дэканату, і кс. Аляксандр Канановіч, мазырскі пробашч.

Пiлiгрымка распачалася ранiцай 10 жнiўня святой Імшой у часовай каплiцы рэктаральнага касцёла Святога Крыжа ў Мазыры. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Казiмiр Велiкаселец, які ў прамоўленай гаміліі ўзгадаў цуды, здзейсненыя ў яго жыцці праз заступніцтва Мацi Божай Чэнстахоўскай.

Адзін з такіх цудаў адбыўся тады, калі савецкiя ўлады пасля доўгіх гадоў нечакана вярнулi вернікам касцёл у Шарашове, роднай мясцовасці іерарха. Гэта адбылося пасля таго, як яшчэ малады ў той час ксёндз Казімір Велiкаселец атрымаў у дар на Яснай Гары ў Чэнстахове абраз Мацi Божай, прывёз яго ў БССР i штодзённа шмат часу прысвячаў малітве перад ім. Да гэтага на ўсе просьбы вернікаў багаборчыя ўлады адказвалі адмоўна.

На заканчэнне Святой Iмшы пiлiгрымы атрымалi спецыяльнае благаслаўленне біскупа і вырушылі ў дарогу.

Пiлiгрымка праходзіла па маляўнiчых мясцiнах Прыпяцкага Палесся i Падняпроўя.

Пiлiгрымы прайшлi праз Юравiчы, Хойнiкi, шматлікія вёскі Рэчыцкага раёна. Індывідуальны характар пілігрымкі падкрэсліваў таксама яе дэвіз: Solus cum Deo solo — «Сам-насам з Богам». Гэта былі своеасаблівыя рэкалекцыі са штодзённым індывідуальным разважаннем над Божым словам у цішыні, супольнай Эўхарыстыяй і малітвай чатырох частак святога Ружанца. Наперадзе пілігрымы неслі крыж і паменшаную копію абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая з чэрвеня наведвае дамы гомельскіх вернікаў.

Пілігрымы асабліва маліліся аб пабудове касцёла парафіі Унебаўзяцця НПМ і санктуарыя Маці Божай Гомельскай, аб развіцці маладой гомельскай парафіі, аб духоўным адраджэнні Гомельшчыны і аб спыненні эпідэміі каранавірусу.

Падчас пілігрымкі ў сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі з’явілася яшчэ адна інтэнцыя — за Бацькаўшчыну, аб мірным вырашэнні крызісу і Божым благаслаўленні для ўсяго народа.

Эўхарыстыя, абед і начлег часта адбываліся ў палявых умовах, бо святыні і парафіі ва ўсходняй частцы Пінскай дыяцэзіі знаходзяцца на значнай адлегласці адна ад другой. Апошнiм пунктам пілігрымкі стала каплiца парафii Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелi, дзе 15 жніўня перад абразом Маці Божай адбылася ўрачыстая адпустовая святая Iмша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Казiмiр Велiкаселец.

Арганізатары і ўдзельнікі малітоўнага падарожжа спадзяюцца, што пiлiгрымкі ў Гомель будуць адбывацца штогод i пасля заканчэння пандэміі каранавірусу будуць збiраць усё больш вернікаў з Пінскай дыяцэзіі і з усёй Беларусі.

Абноўлена 18.08.2020 10:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.