У беспрэцэдэнтна складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне беларускія католікі атуляюць Бацькаўшчыну асаблівай малітвай, просячы Бога аб спыненні насілля.
Спантанныя малітвы адбываюцца ў розных мясцінах нашай краіны, многія касцёлы застаюцца адчыненымі ўдзень і ўначы.
Храм з’яўляецца тым месцам, дзе кожны можа знайсці прытулак і ніхто не мае права падняць руку на брата.
Да трывалай малітвы аб міры і згодзе ў нашай краіне заклікае ўсіх людзей добрай волі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сэрцам малітвы за Беларусь з’яўляецца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Штодзённа перад цудадзейным абразом Каралевы Беларусі ўзносяцца малітвы аб хутчэйшым пераадоленні крызісу ў грамадстве і спыненні насілля.
Малітоўную ініцыятыву падтрымліваюць вернікі ў сталічных касцёлах, сярод якіх катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі на плошчы Свабоды, касцёл святога Сымона і святой Алены на плошчы Незалежнасці (Чырвоны касцёл), касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы паміж плошчай Перамогі і плошчай Якуба Коласа.
Асаблівае набажэнства за Беларусь адбываецца ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне кожны дзень а 18-й гадзіне.
Пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок штодзённа цэлебруе святую Імшу за Беларусь.
Маліцца за Бацькаўшчыну сёння маральна абавязаны кожны вернік, а найбольш адпаведным месцам малітвы з’яўляецца святыня, храм.
Чым больш малітваў да Найвышэйшага будзе ўзносіцца на святых месцах са шчырых сэрцаў і вуснаў, тым мацнейшая наша надзея на тое, што Бог іх выслухае і адорыць Беларусь і яе народ мірам і згодай.
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, у касцёлах неабходна захоўваць адпаведныя санітарныя прадпісанні.