Пошук

07.08.2020 10:21   Тэкст: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Валерый Крыштаповіч / Grodnensis.by / Catholic.by

Увечары 5 жніўня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды адпустовай урачыстасці Маці Божай Кангрэгацкай.

Пра гэта паведамляе партал Grodnensis.by.

У гродзенскай катэдры знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), якая з’яўляецца адным з самых шанаваных у Беларусі спісаў іконы Маці Божай Снежнай. Урачыстасць у Яе гонар святкуецца 5 жніўня, ва ўспамін асвячэння рымскай базылікі святой Марыі Вялікай.

На Эўхарыстыі сабраліся жыхары Гродна, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў даверыць Богу свае клопаты дзякуючы дапамозе Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі студэнтаў і Заступніцы горада над Нёманам.

У прыгожым касцёле, пабудаваным у Гродне айцамі езуітамі, перад славутым ласкамі абразом Маці Божай Кангрэгацкай прысутныя супольна дзякавалі Пану за дар Марыі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што мы называем Марыю нашай Заступніцай і Апякункай, Каралевай і Пасрэдніцай ласкаў, Суцяшальніцай і Памочніцай, а таксама многімі іншымі тытуламі, кожны з якіх з’яўляецца выразам веры, любові і даверу Ёй.

Іерарх падкрэсліў, што найпрыгажэйшым, найдаражэйшым і найбліжэйшым кожнаму чалавечаму сэрцу ёсць і застанецца тытул «Маці».

«Гэтае слова гучыць вельмі падобна на розных мовах свету і ўтрымлівае ў сабе найцудоўнейшыя пачуцці, найвялікшую любоў, наймацнейшую сувязь — усё, што з’яўляецца самым святым, чыстым і ўзнёслым», — дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуў увагу на тое, што няма ў свеце прыгажэйшай любові, чым любоў маці да свайго дзіцяці; няма большага прысвячэння, бескарыслівасці, клопату і ахвярнасці, чым тыя, якімі кіруецца маці ў дачыненні да дзяцей.

«Пан Бог у сваім неспасцігальным Провідзе вырашыў, каб Яго Адзінародны Сын, Езус Хрыстус, таксама не быў пазбаўлены гэтай найцудоўнейшай у свеце матчынай любові, таму абраў Марыю і даверыў Ёй незвычайную задачу — быць Маці Месіі, Збаўцы свету», — сказаў іерарх.

Кажучы пра цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай, які знаходзіцца ў бакавым алтары катэдры, біскуп заўважыў, што шматлікія знакі ўдзячнасці, якія атачаюць гэты дарагі сэрцу кожнага гродзенца абраз, сведчаць, як шмат ласкаў атрымалі жыхары горада і наваколля праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці.

Па словах іерарха, гэтых ласкаў і цудаў, безумоўна, было нашмат больш, бо не ўсе яны былі ўзгаданы ў знаках удзячнасці ці занатаваны ў хроніках.

«Кожны з нас добра ведае, што атрыманымі ласкамі мы ўдзячныя не абразу, а заступніцтву Марыі, якой скіроўваем нашы просьбы і ўздыхі»,

— дадаў ён.

Біскуп нагадаў, што сама па сабе Марыя не можа чыніць цудаў ці ўдзяляць ласкі, бо з’яўляецца толькі чалавекам, але можа маліцца і заступацца за нас перад сваім Сынам Езусам Хрыстом ва ўсіх нашых патрэбах, што і робіць няспынна.

«Дзякуючы незвычайным заслугам Марыі перад Богам, дзякуючы дасканалай любові Бога і святасці жыцця Яе малітва мае вялікую моц і эфектыўнасць», — адзначыў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што Марыя, як наша нябесная Маці, хоча, каб Яе дзеці былі шчаслівыя, не змарнавалі свайго жыцця і не згубілі той найважнейшай мэты, якой з’яўляецца вечнае збаўленне.

«Таму Марыя вядзе нас заўсёды да Хрыста, які ёсць наша дарога, праўда і жыццё, і як Маці просіць нас, каб мы слухалі Яго, былі Яму паслухмяныя, жылі паводле Яго збаўчай навукі», — сказаў іерарх.

Біскуп заахвоціў нястомна дзякаваць Марыі за Яе матчыну апеку і верна ісці праз жыццё за нашым Панам Езусам Хрыстом.

Ён пажадаў вернікам, каб Марыя вяла іх і дапамагла «знайсці Таго, які стаўся чалавекам і прыйшоў у свет не каб судзіць свет, а каб свет праз Яго быў збаўлены».

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў усім за прысутнасць і супольную малітву, на якой у гэты дзень ахвотна збіраюцца ў гродзенскай святыні шанавальнікі Маці Божай Кангрэгацкай.

Абноўлена 07.08.2020 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.