Пошук

28.07.2020 11:26   Тэкст: Ігар Красоўскі / Фота: с. Антонія Тарноўская / Catholic.by

26 ліпеня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску.

У гэтай супольнасці іерарх на працягу дзесяці гадоў — з 2003 па 2013 — быў пробашчам.

Вернікі парафіі шчыра прывіталі свайго пастыра, які прыкладае шмат намаганняў для таго, каб адбудаваць у абласным цэнтры знішчаную савецкай уладай гістарычную святыню ў гонар Святога з Падуі.

Першы касцёл святога Антонія Падуанскага ў Віцебску быў пабудаваны ў XVII стагоддзі як кляштарны касцёл бэрнардынаў. Каменны касцёл у стылі барока з’явіўся ў XVIII стагоддзі, а ў XIX стагоддзі пасля ліквідацыі кляштара бэрнардынаў касцёл стаў парафіяльным.

Трагічным быў лёс святыні ў мінулым стагоддзі. Практычна ўсе святары, якія служылі ў касцёле пасля 1917 года, былі рэпрэсаваныя і расстраляныя. У 1938 годзе парафія спыніла сваё існаванне. У пасляваенны час касцёл паступова разбураўся, у выніку ён быў зняты з дзяржаўнага ўліку як помнік архітэктуры, а ў 1958 годзе ўзарваны. У 2001 годзе парафія святога Антонія Падуанскага ў Віцебску ўзнавілася.

У 2003 годзе пробашчам адроджанай супольнасці стаў ксёндз Алег Буткевіч. Малады святар разам з даручанымі яго пастырскай апецы вернікамі меў планы па ўзнаўленні велічнага храма ў цэнтры Віцебска.

Калі ў 2013 годзе ён стаў біскупам, то працягнуў намаганні, скіраваныя на адбудову гістарычнага касцёла. З 19 па 25 мая праводзілася анлайн-апытанне адносна аднаўлення ў Віцебску старадаўняга касцёла святога Антонія, які калісьці стаяў на Ратушнай плошчы ў гістарычным цэнтры горада.

Абноўлена 28.07.2020 12:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця