Пошук

22.05.2020 13:44   Паводле: Алесь Бынькоў / Vitbichi.by / Catholic.by

З 19 па 25 мая праводзіцца анлайн-апытанне адносна аднаўлення ў Віцебску старадаўняга касцёла святога Антонія, які калісьці стаяў на Ратушнай плошчы ў гістарычным цэнтры горада.

Анлайн-апытанне праводзіцца на сайце Vitbichi.by, які знаёміць з гісторыяй унікальнай святыні.

Яна сягае ў XVII стагоддзе, калі на нашы землі прыбылі манахі бэрнардыны.

Першы, яшчэ драўляны, касцёл быў узведзены на сродкі віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага. Касцёл быў спалены падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе. Аднаўленне стала магчымым дзякуючы ахвяраванням наступнага ваяводы — Міхала Шпака. Чарговае аднаўленне ў 1733 годзе матэрыяльна падтрымаў віцебскі падкаморый Казімір Саковіч, але святыня згарэла.

Гэта ўсё былі драўляныя пабудовы, а вось фундатарам каменнага будынка стала Тэкля Агінская, удава віцебскага ваяводы. Архітэктарам абралі італьянца Джузэппэ Фантану. Большасць даследчыкаў лічыць, што касцёл быў асвячаны ў 1768 годзе. У такім выглядзе ён прастаяў амаль два стагоддзі.

Унікальнасць святыні ў тым, што яна з’яўлялася помнікам двух стыляў. Звонку — структура барока, усярэдзіне — рэнесансу.

Хараством касцёла захапляліся вядомыя мастакі Напалеон Орда і Юзаф Пешка, якія адлюстравалі яго для нашчадкаў. Унутраны роспіс у свой час рабілі Юдэль Пэн, Марк Шагал, Саламон Юдовін.

А вось як апісваў свае ўражанні ад касцёла святога Антонія славуты расійскі пісьменнік і нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у аўтабіяграфічным творы «Жыццё Арсеннева»:

«Ни Акрополь, ни Баальбек, ни Фивы… ни святая София, ни старые церкви в русских Кремлях и доныне несравнимы для меня с готическими соборами. Как потряс меня орган, когда я впервые (в юношеские годы) вошел в костел, хотя это был всего-навсего костел в Витебске. Мне показалось тогда, что нет на земле более дивных звуков…»

Пасля бальшавісцкага кастрычніцкага перавароту 1917 г. касцёл зачынілі. Пэўны час тут быў музей атэізму, у якім улада выстаўляла як прыклад «рэлігійнага цемрашальства»… святыя парэшткі Еўфрасінні Полацкай. Аднак кіраўніцтва горада прызнавала гістарычную каштоўнасць касцёла.

Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў значна пашкоджаны, і хоць навуковая камісія прызнавала, што святыня можа быць з поспехам адноўлена, аднак гэтага рабіць не сталі і, калі надышла чарговая хваля барацьбы з рэлігіяй, касцёл проста знішчылі.

Гэтае злачынства савецкіх уладаў адбылося ў 1961 годзе.

Пасля распаду савецкай імперыі зла грамадскасць Віцебска неаднойчы выказвалася за аднаўленне ўнікальнай святыні, рабіліся праекты рэканструкцыі.

Ініцыятарам, замоўцам і выканаўцам адбудовы выступае Віцебская рыма-каталіцкая дыяцэзія. Яе юрысконсульт Іван Каташук адзначае, што ўжо вызначана кола фундатараў, якія выдаткуюць сродкі на вяртанне святыні. Пачаць жа збор ахвяраванняў можна толькі тады, калі будзе адведзена зямля пад касцёл. Бюджэтныя сродкі для гэтага не выдаткоўваліся.

Праблема размяшчэння новабудоўлі ў тым, што даўнія падмуркі выступаюць на праезную частку ў раёне маста праз Віцьбу да канцэртнай залы «Віцебск».

Таму будынак плануецца «адсунуць» углыб пры захаванні яго гістарычных памераў.

Менавіта так было зроблена і пры рэканструкцыі гатэля «Еўропа» на плошчы Свабоды ў Мінску, які калісьці стаяў на месцы, дзе цяпер праходзіць праезная частка вуліцы Леніна.

Варта адзначыць, што фантан «Зліццё трох рэк — Віцьбы, Лучосы, Дзвіны» пры гэтым не пацерпіць: за кошт фундатараў ён будзе перанесены на іншае месца са згоды архітэктара гэтага твора Азата Тарасяна, які таксама падтрымлівае ідэю аднаўлення касцёла святога Антонія.

Выказаць сваё меркаванне ў апытанні адносна аднаўлення святыні можа кожны, узяўшы ўдзел у анлайн-галасаванні ТУТ>>>

Абноўлена 22.05.2020 16:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.