Пошук

16.07.2020 11:20   Тэкст: кс. Віктар Гайдукевіч SDB / Catholic.by

Прадстаўнікі манаскіх і законных супольнасцяў з’яўляюцца тымі, хто няспынна падтрымлівае сваю краіну і кожнага яе жыхара паасобку моцнай малітвай, давяраючы ўсе цяжкасці, клопаты і радасці людзей Божаму Провіду.

Таксама святары і сёстры заўсёды гатовыя выйсці насустрач патрабуючым з ініцыятывамі дапамогі, каб падтрымаць іх канкрэтнымі прапановамі. Час пандэміі каранавірусу не стаў выключэннем — кансэкраваныя асобы з розных манаскіх і законных супольнасцяў аб’ядналі свае сілы, каб дапамагчы ўрачам, людзям, якія хварэлі, вернікам і ўсім патрабуючым, звыклае жыццё якіх змянілася з-за пагрозы хуткага распаўсюджвання вірусу.

Сёстры бэнэдыктынкі-самарыцянкі Крыжа Хрыстовага, якія служаць у якасці валанцёраў у Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дапамагалі арганізаваць годныя ўмовы для пражывання супрацоўнікаў установы, якія працавалі пазменна і не пакідалі месца працы па два тыдні. Таксама сёстры набылі мыйная сродкі для выхаванцаў і персаналу і перадалі патрабуючым ахоўныя маскі і касцюмы.

Клапоцячыся пра дабрабыт выхаванцаў і супрацоўнікаў дома-інтэрната, сёстры ў сумеснай і асабістай малітве працягваюць даручаць Богу сённяшнюю сітуацыю, асабліва памятаючы пра хворых і тых, хто стаў ахвярай каранавірусу.

Кустодыя Братоў Меншых Капуцынаў разам з ахварядаўцамі і людзьмі добрай волі сабрала 20 тысяч еўра, якія былі перададзены Докшыцкай, Маладзечанскай, Смалявіцкай і Слонімскай цэнтральнам раённам бальніцам.

Братамі капуцынамі з Мінска разам з супрацоўнікамі і валанцёрамі дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas былі закуплены і перададзены супрацоўнікам Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчынай вайны супрацьэпідэмічныя касцюмы і ахоўныя шчыткі.

Майстэрня па пашыве літургічнага адзення Sacris Vestibus, якая працуе ў Маладзечне, сумесна з братамі з маладзечанскай супольнасці наладзіла пашыў ахоўных касцюмаў і халатаў для супрацоўнікаў мясцовых устаноў аховы здароўя.

Кляштар у Слоніме перадаў супрацоўнікам мясцовай бальніцы ахоўныя маскі.

У мінскай парафіі св. Францішка Асізскага кожную пятніцу цэлебруецца Эўхарыстыя за ўрачоў і супрацоўнікаў службаў аховы здароўя.

Кожны жадаючы можа далучыцца да малітвы за медыкаў і даслаць імёны тых, за каго хоча памаліцца.

Каб вернікі, якія хварэюць ці знаходзяцца на самаізаляцыі, маглі ўдзельнічаць у набажэнствах, браты капуцыны прапануюць шмат ініцыятыў у рэжыме анлайн. На youtube-канале парафіі св. Казіміра ў Маладзечне можна прыняць удзел у нядзельнай Імшы ў 10.00.

З пачатку распаўсюджвання каранавірусу ў Беларусі пачаў працу youtube-канал «Касцёл св. Францішка Асізскага», на якім можна глядзець трансляцыі набажэнстваў і Эўхарыстыі. На гэтым жа канале можна паглядзець мультыплікацыйны серыял «Аповеды Добрай Кнігі», трансляцыя якога стала дапамогай у духоўным развіцці, пазнаванні Евангелля і Хрыста для самых маленькіх вернікаў падчас ізаляцыі.

Ва ўсіх дамах прысутнасці праводзіцца анлайн-катэхэза праз Viber і інтэрнэт-парталы.

Сёстры назарэтанкі праводзяць дадатковыя адмысловыя малітвы за ўрачоў, службы аховы здароўя, тых, хто хварэе, і ахвяр каранавірусу. У галоўным доме з 20 сакавіка штодзённа ў гэтых інтэнцыях, а таксама ў інтэнцыі спынення пандэміі моляцца Вяночак да Божай Міласэрнасці і дадатковую малітву на ружанцы. У іншых супольнасцях праводзяць адарыцыі, Вяночак да Божай Міласэрнасці, моляцца на ружанцы і просяць аб спыненні распаўсюджвання каранавірусу падчас малітвы Брэвіярыя і на св. Імшах.

Катэхетычнае служэнне супольнасці перашло ў рэжым анлайн, каб дзеці і моладзь не страцілі кантакт з Хрыстом і Касцёлам.

Некаторыя супольнасці ахвяравалі грошы і прадукты харчавання для бедных.

Адна з сясцёр як валанцёр фонду «Центр Помощи Жизни» у Гродне ўдзельнічала ў «Акцыі для нашых герояў» па сборы прысмакаў для медыкаў і дапамагала шыць ахоўныя маскі для валанцёраў.

Многія сёстры ў гэты час асабліва стараюцца быць побач з людзьмі, перажываючы разам з імі іх страхі і клопаты, слухаючы і падтрымліваючы кожнага чалавека праз асабісты кантакт у касцёле ці па тэлефоне. Сёстры падтрымліваюць зносіны са сваімі знаёмымі ўрачамі, медсёстрамі і ўсімі працаўнікамі медыцынскіх устаноў, выказваючы ім падзяку і падтрымку ў гэты складаны час.

Сёстры місіянеркі Святой Сям’і актыўна дапамагалі і працягваюць дапамагаць медыкам і ўсім супрацоўнікам службаў аховы здароўя.

Яны ўласнаручна пашылі і перадалі супрацоўнікам розных медустаноў камбінезоны, ахоўныя фартухі, шматразовыя маскі, высокія бахілы, медыцынскія шапкі, нарукаўнікі.

Таксама сёстры перадалі супрацоўнікам медыцынскіх і сацыяльных устаноў вадкае мыла, антысептыкі, дэзінфікуючыя сродкі для мыцця падлогі, медыцынскія пальчаткі, пальчаткі для ўборкі, градуснікі, рэспіратары, ахоўныя шчыткі, сродкі асабістай гігіены, вопратку, туалетную паперу, аднаразовыя ручнікі, лейкапластыр і іншыя неабходныя рэчы.

Інвалідам і малазабяспечаным сем’ям былі перададзены прадуктовыя наборы.

Акрамя гэтага, сёстры пры неабходнасці дапамагаюць тэрапеўтам дабрацца да хворых на выклікі.

Айцы піяры з парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне закупілі і перадалі ў Шчучынскі цэнтральны раённы шпіталь санітарна-гігіенічныя камбінезоны. Сродкі на пакупку спецадзення былі сабраныя вернікамі парафіі.

Салезіяне кс. Боско падчас пандэміі, апрача правядзення адмысловых дадатковых набажэнстваў і адарацый як для моладзі, так і для ўсіх вернікаў, актыўна стараліся дапамагчы кожнаму годна перажыць гэты цяжкі час выпрабавання, прапануючы прывычныя актыўнасці ў анлайн-рэжыме. Пастаянна праходзілі і працягваюцца анлайн-трансляцыі Імшаў, малітваў і адарацый, а таксама малітоўныя разважанні над Святым Пісаннем у форме lectio divina, каб кожны, хто не змог прыйсці ў касцёл асабіста, адчуваў дух сумеснай малітвы.

Для агульнага карыстання быў падрыхтаваны аўдыёзапіс малітвы на ружанцы.

Для моладзі рэгулярна праходзілі анлайн-катэхезы і анлайн-сустрэчы на платформе Zoom. У інстаграм-акаўнце @sdb.by праходзілі ток-шоў і разнастайныя інтэрв’ю з цікавымі гасцямі з салезіянскіх супольнасцяў на Беларусі і не толькі. Як заўсёды, але больш актыўна, у інстаграм-акаўнтах салезіянскіх парафій праходзілі віктарыны, гульні, конкурсы, прамыя эфіры з інтэрактывам.

У інстаграме таксама з’явілася асобная рубрыка «Слоўка на добрую ноч», у якой ксяндзы салезіяне, сёстры салезіянкі і вернікі з салезіянскіх парафій кожны вечар дзяліліся з іншымі сваімі думкамі, парадамі і перажываннямі, запрашаючы задумацца над сваім духоўным жыццём і паспрабаваць нешта змяніць у ім.

Таксама ў рэжым анлайн перайшлі кансультацыі псіхолага. Звярнуцца да спецыяліста можа любы жадаючы.

Сёстры салезіянкі з Мінска ўласнаручна пашылі медыцынскія маскі.

Францішкане з Салігорска арганізавалі збор сродкаў і перадалі ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу ахоўныя маскі, еўрабахілы, ахоўныя акуляры і шчыткі, аднаразовыя пальчаткі, рэспіратары шматразовага выкарыстання, навалачкі, туалетную паперу і папяровыя ручнікі. Агульны кошт дапамогі склаў каля 3 тысяч беларускіх рублёў.

Таксама ў бальніцу была перададзена ікона Хрыста Пантакратара.

Сёстры з супольнасці Шанштацкага Інстытута Сясцёр Марыі кожны дзень у час пандэміі давяраюць у малітве Беззаганнаму Сэрцу Марыі краіну і кожнага беларуса асобна. Таксама яны кожны вечар праводзілі адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітву на ружанцы, молячыся аб хутчэйшым спыненні пандэміі.

Акрамя таго, сёстры з Гродна падрыхтавалі матэрыялы для правядзення катэхізацыі для дзяцей і моладзі ў рэжыме анлайн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа