Пошук

03.07.2020 15:37   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

2 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшла адпустовая ўрачыстасць.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Прысутнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і святары, якія прыбылі ў санктуарый разам са сваімі парафіянамі.

Святая Імша адбылася на палявым алтары, вакол якога сабраліся вернікі — мясцовыя і з навакольных парафій.

Яны прыбылі ў гэты дзень у Тракелі ў індывідуальным парадку.

У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што цяжка стрымаць узрушанасць у гэтым асаблівым месцы перад славутым ласкамі абразом Марыі, асвячаным малітвамі незлічоных пакаленняў Яе шанавальнікаў.

Іерарх адзначыў, што з даўніх часоў ва ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелі прыбывалі вернікі з блізкіх і далёкіх ваколіц, каб перад Яе абразом прадставіць Богу свае просьбы і дзякаваць за незлічоныя ласкі, атрыманыя праз Яе заступніцтва.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заўважыў, што гэтая ўрачыстасць паказвае Маці Божую, якая самым дасканалым чынам злучае ў сабе два вымярэнні сапраўднай хрысціянскай радасці.

Па-першае, мы бачым, як глыбока ўсведамляе Марыя вялікую ласку, атрыманую ад Бога.

«Мы можам дапускаць, што Яна не да канца разумела, што азначалі словы арханёла Габрыэля, якія пачула ў хвіліны звеставання. Можа, не ўсведамляла, на чым засноўвалася асаблівае пасланніцтва, якое вызначыў Ёй Бог. Але ў сваёй вялікай пакоры адчувае сябе шчаслівай, благаслаўлёнай: даверылася Пану, сказала Яму “так” і ведае, што не будзе расчараваная», — дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што другім вымярэннем хрысціянскай радасці з’яўляецца ўменне дзяліцца ёю з бліжнімі.

«Марыя, калі даведалася з вуснаў арханёла, што Яе сваячка Альжбета чакае дзіця, не вагаючыся, хутка накіроўваецца да яе ў адведзіны. Марыя прыносіць з сабой радасць. Крыніца гэтай радасці — найперш Дзіцятка Езус, якога Марыя нясе пад сваім сэрцам», — сказаў іерарх.

Ва ўрачыстасць Адведзінаў біскуп заахвоціў усіх паглядзець на Марыю, якая, уваходзячы ў дом Альжбеты, прыносіць ёй — пакуль укрытага — Сына Божага, Езуса Хрыста. «Гэтая сцэна нагадвае нам пра праўду пра тое, што найбольшае жаданне Марыі — прыйсці да кожнага з нас, увайсці ў наш “дом”, ці ў рэчаіснасць нашага жыцця, і ўчыніць, каб у нашых сэрцах пасялілася найвялікшае шчасце, якое нараджаецца заўсёды, калі сустракаемся з Хрыстом», — адзначыў ён.

Іерарх падкрэсліў, што сёлетнія ўрачыстасці ў Тракелях праходзяць у незвычайных абставінах, у цяжкіх умовах эпідэміі, якая напаўняе смуткам і страхам сэрцы людзей ва ўсім свеце.

«Няма сёння тут, у Тракелях, тысячы пілігрымаў, якія штогод прыбывалі на сустрэчу з Маці Божай з розных бакоў нашай дыяцэзіі. Няма гасцей з іншых дыяцэзій і замежжа. Няма шматлікіх святароў, сясцёр законных, радаснай моладзі, якая спявае. У гэтым годзе наш санктуарый здаецца сумным і апусцелым.

Аднак я хацеў бы, каб кожнага з нас, тут прысутных, а таксама ўсіх тых, хто яднаецца з намі духоўна праз тэлебачанне ці інтэрнэт, дасягнула сёння з гэтага святога месца пасланне надзеі»,

— сказаў біскуп.

На заканчэнне Эўхарыстыі кусташ ксёндз Юрый Бяганскі выказаў удзячнасць усім, хто ў гэты дзень наведаў санктуарый. Святар заклікаў прыбываць у гэтае асаблівае месца на мапе Гродзенскай вобласці шматлікімі пілігрымкамі, цэлымі сем’ямі, бо толькі ў малітве наша сіла і дзякуючы веры мы зможам вынесці ўсе цяжкасці і нават эпідэмію.

Абноўлена 03.07.2020 16:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа