2 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях прайшла штогадовая адпустовая ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Хоць з-за пандэміі сёлета ў санктуарыі не было арганізаваных груп пілігрымаў, яны прыбылі ў індывідуальным парадку і іх было вельмі шмат.
Пра пілігрымкі вернікаў у Тракелі паведамляе партал Grodnensis.by. Урачыстасць была ў гэтым годзе сціплай, але і вельмі прыгожай, панаваў сапраўды малітоўны настрой.
Вернікі ў гэты дзень прыбывалі ў Тракелі ў індывідуальным парадку — часта цэлымі сем’ямі, несучы на руках дзяцей. Некаторыя з бліжэйшага наваколля прыйшлі ў індывідуальнай пешай пілігрымцы, каб пераадолець хаця б невялікі шлях, і, як адзначылі яны, «галоўнае — інтэнцыя і вялікае жаданне быць побач з Маці».
Санктуарый у Тракелях і яго тэрыторыя сёлета вельмі змяніліся.
Зроблены дарожкі, дзе можна хадзіць і захапляцца хараством кветак і навакольнай прыроды. На дарожках усталяваны лавачкі, дзе можна адпачыць і паразважаць над жыццём. Усё гэта прыцягвае пілігрымаў, і, як самі яны паўтаралі, «адсюль не хочацца нават ад’язджаць».
У тым, што санктуарый набыў сёлета новыя колеры, вялікая заслуга пробашча кс. Юрыя Бяганскага, які старанна працуе, каб тут было прыгожа і ўтульна. У святара тысячы планаў, частку з іх ужо ўдалося рэалізаваць. Але ён не спыняецца ні на хвіліну. Святар хоча, каб гэтае месца стала духоўным санаторыем, дзе чалавек зможа сустрэцца з Богам і Яго Маці, спазнаць цішыню і супакой, а найперш — узмацніцца тут духам і ўмацаваць сваю веру.
У ліку іншых у Тракелі прыбыла пілігрымка на роварах з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
33 вернікі прыехалі са сваім пробашчам кс. Янам Гавецкім і вікарыем кс. Артурам Вальчкевічам.
Маршрут да Маці Божай складаў каля 30 кіламетраў. Пілігрымка пачалася каля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, прыпынкі былі зробленыя ў Красоўшчыне і Ліпнішках. Іўеўчане прыехалі ў Тракелі перад Імшой а 13-й гадзіне. Сустракаў іх Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі разам з кусташам санктуарыя кс. Юрыем Бяганскім.
Самымі маленькімі ўдзельнікамі сталі Лізавета і Крысціна Кузменкі. Дзве сястрычкі ва ўзросте 3 і 5 гадоў ехалі са сваёй мамай у машыне, якая суправаджала пілігрымку.
Вернікі з Іўеўскага дэканату пілігрымуюць у Тракелі не першы год. Першая пілігрымка з Іўеўшчыны прыйшла сюды 23 гады таму і з таго часу не перапынялася. Сёлета дэканальнае пілігрымаванне адбудзецца на роварах 10 і 11 ліпеня па маршруце пешай пілігрымкі.
Таксама прыбыла індывідуальная пілігрымка на роварах з мінскай парафіі cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Mарыі Кольбэ на чале з пробашчам кс. Алегам Шпецем SChr.
У склад групы ўвайшлі вікарый кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, катэхетка сястра Агнешка Рамашка CSFN, семінарыст Аляксандр Шыманскі, некалькі хлопцаў і дзяўчат.
Прыбыла і аўтобусная пілігрымка з парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні з пробашчам парафіі кс. Яўгенам Учкуронісам. У 100-годдзе нараджэння свайго апекуна св. Яна Паўла ІІ вернікі хацелі падзякаваць Маці Божай, якой цалкам даверыўся святы Пантыфік, за ўсе дары і ласкі.
Перад цудадзейным абразом Марыі парафіяне дзякавалі Ёй за ўсё дабро, якое атрымліваюць кожны дзень, і прасілі аб Божым благаслаўленні для сваіх сем’яў.
Асабліва яны прасілі аб патрэбных сілах і энергіі для будаўніцтва ўласнай святыні ў Смаргоні.
Пілігрымы не губляюць надзеі, што эпідэмія хутка скончыцца і яшчэ ў гэтым годзе, нават у канцы лета, у санктуарыі адбудзецца дыяцэзіяльная ўрачыстасць, якая зможа сабраць на малітве яшчэ больш вернікаў.