Пошук

01.07.2020 12:12   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Сёлетняя парафіяльная ўрачыстасць у Будславе 1 і 2 ліпеня з-за складанай эпідэміялагаічнай сітуацыі праходзіць у незвычайным фармаце, што выклікае нямала пытанняў у тых, хто збіраецца ўзяць у ёй удзел.

Раніцай 1 ліпеня ў мястэчку ціха і пуста: няма шапікаў традыцыйнага кірмаша, практычна няма людзей. На Чырвонай плошчы стаіць фура з турнікетамі. Рабочыя чакаюць каманды, каб расстаўляць іх адпаведным чынам.

Праца кіпіць толькі ў касцёле, дзе сёстры з дзяўчатамі ставяць кветкі, і на палявым алтары перад базылікай, які рыхтуюць да першай урачыстай Імшы, што распачнецца а 6-й гадзіне ўвечары.

Якім чынам будзе арганізаваны фэст у Нацыянальным санктуарыі, распавядае пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік.

«Для тых, хто прыязджае да нас на асабістым транспарце, фэст распачынаецца з паркоўкі. Месцы для аўтатранспарту ўдзельнікаў урачыстасці будуць арганізаваныя тамсама, дзе і ў мінулыя гады.

Для тых, хто будзе прыязджаць з боку Даўгінава, паркоўка прадугледжана на полі перад уездам у мястэчка. Тыя ж, хто прыедзе з боку Крывічоў, змогуць пакінуць свой транспарт на полі за касцёлам.

Мы не чакаем сёлета арганізаваных груп пілігрымаў, і ў цяперашняй сітуацыі мясцовыя жыхары не маюць магчымасці прымаць людзей на начлег. Для тых, хто пілігрымуе ў Будслаў у індывідуальным парадку, прадугледжана месца для намётаў за плябаніяй, каб людзі маглі дзесьці правесці ноч.

Касцёл з 10-і вечара і да 7-і раніцы будзе зачынены.

Нас добразычліва папрасілі пра гэта супрацоўнікі санстанцыі, і мы з разуменнем ставімся да гэтай просьбы, бо такім чынам можна прадухіліць новыя заражэнні.

Тым, хто збіраецца заставацца ў Будславе на ноч, важна ведаць, што каля плябаніі не будзе цыстэрнаў з вадой, студні таксама зачынены. Як паведамляла наша Курыя, ваду трэба браць з сабой. У крайнім выпадку, крамы працуюць у звычайным рэжыме, і ваду ў бутэльках можна набыць на месцы.

Прыбіральні на полі будуць зачынены: можна карыстацца толькі тымі, што знаходзяцца за гаражамі за плябаніяй. Мы не чакаем вялікіх натоўпаў, таму спадзяемся, што гэтага будзе дастаткова.

Вядома, большасць людзей прыедуць у Будслаў толькі на некалькі гадзін, каб пабыць на Імшы, таму іх перадусім цікавіць духоўная частка ўрачыстасцяў. Імшы, як і паведамлялася, будуць адбывацца на адкрытым паветры. Хоць Курыя прасіла, каб удзельнікі ўрачыстасці паспавядаліся загадзя, у Будславе таксама будзе магчымасць прыступіць да споведзі. Некалькі святароў будуць служыць у канфесіяналах, усталяваных вакол святыні, дзе і звычайна. Канечне, іх будзе менш, чым у мінулыя гады.

Ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай мы прадугледзелі таксама, каб вернікі маглі памаліцца перад цудадзейным абразом.

Для гэтага ёсць магчымасць прайсці праз цэнтр касцёла да балясак, а потым, не затрымліваючыся, выйсці праз левую наву. Для захавання сацыяльнай дыстанцыі на падлогу нанесена адмысловая разметка, а пры ўваходзе ў базыліку з абодвух бакоў усталяваны дазатары з дэзінфікуючым сродкам — дапамога Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Інтэнцыі на Імшу ў Будславе можна пакласці ў скрынкі пры ўваходзе ў касцёл. Тут жа ёсць столікі з лісткамі і ручкамі для тых, хто забыўся загадзя запісаць свае просьбы да Маці Божай».

Мы пацікавіліся ў будслаўскага пробашча, ці будзе асабісты дагляд пры ўваходзе на агароджаную тэрыторыю перад базылікай.

«Прадстаўнікі адпаведных службаў паведамілі, што для ўваходу будуць дзейнічаць „фільтрацыйныя пункты“, але не ўдакладнілі, якім чынам яны функцыянуюць. Магчыма, гэта будзе падобна да таго, як адбывалася ў мінулыя гады», — дадаў кс. Дзмітрый Дубовік.

Абноўлена 01.07.2020 17:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця