Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas па ўсёй Беларусі заўсёды старалася аказваць дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Сітуацыя з пандэміяй каранавірусу не стала выключэннем.
Канферэнцыя Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi абвясціла пра ўсебеларускі збор ахвяраванняў у Касцёле на барацьбу з COVID-19. Дзякуючы ахвяраванням каталіцкіх вернікаў, а таксама іншых людзей з добрым сэрцам і душой, на рахунак хутка пачалі паступаць сродкі.
За перыяд збору было сабрана каля 60 тысяч беларускіх рублёў.
Сродкі, сабраныя ў парафіях, пералічылі адказныя за гэта асобы. Пасля акумуляцыі матэрыяльнай дапамогі каталіцкі епіскапат Беларусі прызначыў яе на мэты забеспячэння неабходнымі рэчамі найбольш патрабуючых установаў аховы здароўя нашай краіны.
Такім чынам, Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі перадаў ахоўныя маскі, супрацьчумавыя камбінезоны і рэспіратары Клімавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, Мсціслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і Магілёўскай абласной бальніцы, ахоўныя маскі і супрацьчумавыя камбінезоны — Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, ахоўныя маскі і супрацьчумавыя касцюмы — Мінскаму навукова-практычнаму цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, рэспіратары — Бельчынскай цэнтральнай бальніцы.
Caritas Пінскай дыяцэзіі перадаў павязкі і санітарна-гігіенічныя камбінезоны Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы, Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы, Ружанскай гарадской бальніцы, Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы, Чачэрскаму раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы, Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, Лагішынскай гарадской бальніцы і Целяханскай гарадской бальніцы.
Caritas Віцебскай дыяцэзіі перадаў Віцебскай гарадской бальніцы хуткай дапамогі супрацьчумавыя камбінезоны і ахоўныя маскі, Віцебскаму абласному анкалагічнаму дыспансеру — ахоўныя маскі.
Caritas Гродзенскай дыяцэзіі перадаў павязкі і санітарна-гігіенічныя камбінезоны Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы, гарадской клінічнай бальніцы №3 г. Гродна, дзіцячым паліклінікам №1 і №2 г. Гродна, гарадской паліклініцы №6 г. Гродна, Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Збор сродкаў працягваецца, неабходныя рэчы яшчэ будуць закупляцца.
Caritas у Беларусі дапамагае не толькі медыцынскім установам. Многія (людзі пажылога ўзросту, людзі з інваліднасцю, шматдзетныя сем’і, няпоўныя, апякунскія сем’і і іншыя) атрымоўваюць прадуктовыя наборы, сродкі асабістай гігіены, ахоўныя маскі, сродкі дэзінфекцыі. А дзякуючы праекту «Хатнія жывёлы» шмат людзей атрымалі бясплатна трусоў і куранят, каб мець магчымасць весці гаспадарку. Шматлікія валанцёры і супрацоўнікі Caritas па ўсёй Беларусі, рызыкуючы сваім здароўем, стараліся дапамагчы найбольш уразлівым перад вірусам.
На жаль, мы яшчэ не перамаглі каранавірус. У нашай краіне, як і ў многіх іншых, яшчэ шмат людзей хварэе на яго. Хочацца пажадаць, каб хвароба мінула вас і вашых родных. Няхай хутчэй мы зможам перамагчы COVID-19. Будзьце ўважлівыя адзін да аднаго, клапаціцеся, цаніце, любіце. Выконвайце меры засцярогі. Беражыце сябе і сваіх родных.