27 чэрвеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступні прэзбітэрату дыякану Паўла Сідарэнку, а кандыдату Юрыю Рашатко — у ступені дыяканату.
Ксёндз Павел Сідарэнка паходзіць з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Перад пасвячэннем праходзіў душпастырскую практыку ў мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі.
Дыякан Юрый Рашатко паходзіць з мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі. Перад пасвячэннем праходзіў душпастырскую практыку ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат). З’яўляецца аспірантам Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ па спецыяльнасці філасофія.
Абодва з’яўляюцца выпускнікамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.
На пачатку ўрачыстай святой Імшы ў галоўнай святыні сталіцы, дзе сабраліся прадстаўнікі духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і каля сотні вернікаў, да якіх з дапамогаю анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by духоўна далучыліся яшчэ некалькі соцень удзельнікаў, арцыбіскуп Кандрусевіч прывітаў усіх прысутных, а асабліва бацькоў і блізкіх кандыдатаў. Ён падзякаваў ім, а таксама духоўнай семінарыі ў Пінску і Люблінскаму каталіцкаму ўніверсітэту за фармацыю Паўла і Юрыя. Іерарх таксама запрасіў маліцца аб святарскіх і манаскіх пакліканнях, каб у Беларусі было дастаткова слугаў алтара.
У прамоўленай пасля прадстаўлення кандыдатаў гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадаў словы Хрыста, Даўцы кожнага паклікання: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў, каб вы прыносілі плён, і каб плён ваш трываў».
«Гэтыя словы Збаўцы нагадваюць пра тое, што наша пакліканне да святарства — гэта не наша заслуга, але Божы дар і Яго ласка. Бог кліча, а чалавек адказвае. Гэта няпроста, асабліва ў наш час, калі секулярная культура не вядзе да Бога, але адкідвае Яго.
Таму сёння Касцёл удзячны Паўлу і Юрыю за тое, што яны, калі пачулі голас Пана, які іх паклікаў, далі на яго станоўчы адказ і пастукаліся ў дзверы духоўнай семінарыі ў Пінску.
Мінулі доўгія гады чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі, а таксама душпастырскай практыкі ў розных парафіях.
Кандыдат у дыяканы Юрый Рашатко паспяхова вучыцца ў аспірантуры Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, дзе завяршае напісанне доктарскай дысертацыі па філасофіі.
Я з задавальненнем назіраў, як у мінулым годзе ён збіраў маладых людзей і вёў з імі філасофскія дыспуты.
Гэта нешта новае для нас. Калі ў даўнія часы філасофія была абавязковай у звычайным навучальным працэсе, то сёння, на жаль, яе роля паменшылася. <…> Гэта вялікая хіба сучаснага працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў, бо філасофія вучыць думаць і дае магчымасць зазірнуць па-за межы бачнага свету. Спадзяюся, што наш Касцёл будзе мець добрага спецыяліста-філосафа», — дадаў арцыпастыр, які надае вялікую ўвагу ўсебаковаму развіццю дзейнасці Касцёла на Беларусі, у тым ліку ў сферы навукі.
Нагадаўшы словы святога апостала Паўла пра тое, што «святар з людзей узяты і для людзей пастаўлены ў Божых справах», іерарх падкрэсліў, што святарства — гэта не прафесія, як многія іншыя, а служэнне людзям у Божых справах.
«Святар як распарадчык Божай ласкі павінен памятаць, што калі ён цэлебруе сакрамэнты і асабліва Эўхарыстыю, то робіць гэта не ад свайго імя, але ад імя і моцаю Хрыста», — нагадаў сваім будучым супрацоўнікам на ніве Пана арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што святар павінен таксама кіраваць даручанай яму парафіяльнай супольнасцю, заўважыўшы пры гэтым, што яго кіраўніцтва «найперш павінна насіць характар служэння, а не валодання».
«Папа Францішак заклікае святароў пазнаваць жыццё сваіх вернікаў, каб лепш адказваць на іх духоўныя патрэбы», — нагадаў арцыбіскуп словы Пантыфіка.
Хоць для кандыдата Юрыя Рашатко дыяканат з’яўляецца толькі крокам да святарства, тым не менш арцыпастыр спыніўся таксама на сутнасці ўстаноўленага апосталамі ў першаснай супольнасці Касцёла дыяканскага служэння. Распавёўшы пра заданні дыякана, іерарх адзначыў, што дыякан таксама адыгрывае значную ролю ў жыцці Касцёла.
Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі асаблівым чынам падкрэсліў, што сёлетняе пасвячэнне прэзбітэрату і дыяканату адбываецца падчас пандэміі каранавірусу, якая змяніла жыццё людзей, пастырскія планы і стыль душпастырства.
«Аднак акрамя фізічнага вірусу ў нас ёсць і грахоўны. Заданне лекара — лячыць каранавірус, і мы ўдзячныя медыкам за іх гераічную працу. Заданне святара і дыякана — лячыць "грахоўны вірус"», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Напрыканцы гаміліі ён звярнуўся да кандыдатаў:
«Дарагія духоўныя сыны Павел і Юрый, Хрыстус вас паклікаў да святарства і сёння, у дзень вашага святарскага і дыяканскага пасвячэння, Ён пытаецца ў вас, ці любіце вы Яго, як пытаўся калісьці ў апостала Пятра. Хрыстус чакае вашага адказу сёння і праз усё вашае жыццё.
Адкажыце разам з князем апосталаў, што вы Яго любіце, і няхай гэтая любоў штодзённа праяўляецца ў вашым жыцці, бо толькі тады вы і вернікі, да якіх вы будзеце пасланыя, будуць адчуваць радасць Евангелля і жыць у стане Божай ласкі, якая патрэбная для збаўлення. Толькі тады ласка паклікання будзе трываць у вас і прынясе багаты плён», — сцвердзіў на заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.