Пошук

25.06.2020 17:12   Паводле: Валерыя Капыціна / JAN.BY / Фота: кс. Уладзімір Марушэўскі SChr / Catholic.by

Дзевяць удзельнікаў пілігрымкі на роварах са сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ за два дні пераадолелі 140 кіламетраў, каб ушанаваць Маці Божую ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

Сваімі ўрачаннямі ад падарожжа на жалезных конях дзеліцца на парафіяльным сайце Jan.by удзельніца велапілігрымкі Валерыя Капыціна.

Гарачы чэрвеньскі дзень. Сярод палявых дарог імчацца дзевяць веласіпедыстаў — моладзь з ДМХ «Адзіныя сэрцам» са сваімі душпастырамі. Кожны вязе сваю інтэнцыю да Маці Божай Будслаўскай, моляцца за хворых і медыкаў, за парафію і ўсю краіну, а таксама за пешую пілігрымку Мінск-Будслаў, якая адбудзецца ў наступным годзе.

Распачалася велапілігрымка 17 чэрвеня а чацвёртай гадзіне раніцы святой Імшой ў нашай капліцы.

Пасля Імшы і лёгкага сняданка мы вырушылі ў дарогу. Усе былі поўныя сіл, а ўсмешка не сыходзіла з твараў. Радасці дадавала таксама добрае надвор’е і «вобразы мілыя роднага краю».

Але ўжо неўзабаве нас напаткалі першыя перашкоды: вялізны плот з зачыненай брамай пасярод поля. Скажаце, так не бывае? Мы таксама здзівіліся і пайшлі ўздоўж плоту, а вакол — мокрая трава па пояс і густы лес. Кульмінацыяй была чарговая замкнёная брама, праз якую прыйшлося перакідваць ровары и пералазіць самім. Гэтая прыгода, аднак, толькі дадала нам імпэту, і з усмешкай на твары мы працягвалі наш шлях.

І вось праз 88 км трасы, гравійкі і лясной дарогі мы апынуліся на казачным беразе Вілейскага вадасховішча. Гэта было месца нашага начнога адпачынку. Асвяжальная вада і добры пасілак, прыгатаваны ўмелай рукой на вогнішчы, аднавіў фізічныя сілы, а цудоўны вечар з гітарай і «скаўцкай» гарбатай з лясных зёлак аднавіў сілы маральныя. Так скончыўся першы дзень.

Раніцай наступнага дня ў нашых думках мы былі ўжо ў Будславе, але наперадзе было яшчэ 52 кіламетры. Калі кагосьці ў дарозе пакідалі сілы, то ненадоўга, бо падтрымка братоў і сясцёр была вельмі эфектыўнай.

«Нарэшце Будслаў!» — поўнілася радасцю сэрца, калі на даляглядзе паказаўся сілуэт знаёмай святыні.

З песняй «Маці Хрыстова» мы пад’ехалі да прыступак базылікі, брама якой ужо была адчынена і чакала пілігрымаў. Павольным крокам мы зайшлі ў пустую святыню. На нас лагодна глядзела Маці Божая Будслаўская, а мы ў захапленні глядзелі на Яе. Аднак найбольш кранальным момантам было апынуцца перад Святым Абразом у некалькіх сантыметрах і адчуць неверагодную блізкасць нашай Маці. А наперадзе яшчэ была Эўхарыстыя і малітоўнае чуванне…

Наступнай раніцай дзяўчаты вырушылі на цягнік у Мінск, каб пазней абедам і смачнымі пачастункамі сустракаць хлопцаў і святароў, якія вырашылі вяртацца на роварах.

Адметна, што ідэя велапілігрымкі нарадзілася менавіта ў цяперашняй сітуацыі пандэміі.

А ў тым, што гэта быў Божы Провід, мы пераканаліся як у часе падрыхтоўкі, так і падчас самой пілігрымкі. Гэта былі тры сапраўды цудоўныя дні, праведзеныя з малітвай і ў сяброўскай атмасферы. Пілігрымка дапамагла адпачыць сэрцам і паказала кірунак, у якім рухацца далей.

Абноўлена 25.06.2020 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа