21 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне распачаліся духоўныя практыкаванні, прадугледжаныя касцёльным правам перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння.
У рэкалекцыях бяруць удзел трое дыяканаў з Гродзенскай дыяцэзіі, выпускнікоў гэтай семінарыі, а таксама дыякан і кандыдат з Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Урачыстасці пасвячэння адбудуцца 27 чэрвеня ў Мінску і Гродне.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, рэкалекцыі праводзіць кс. Ян Сарэла, духоўны айцец семінарыі ў Гродне.
Падчас духоўных практыкаванняў, якія працягнуцца да 26 чэрвеня, кандыдаты разважаюць над сваім пакліканнем, а таксама ў цішыні і засяроджанасці рыхтуюцца да працы на ніве Пана. На плённую падрыхтоўку і вернае служэнне іх асабіста благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.