У суботу 27 чэрвеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі дыякан Павел Сідарэнка і Юрый Рашатко з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прымуць сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату і дыяканату адпаведна.
Абодва кандыдаты з’яўляюцца выпускнікамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Дыякан Павел Сідарэнка паходзіць з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Да цяперашняга моманту праходзіў душпастырскую практыку ў мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі.
Юрый Рашатко паходзіць з мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі. Да цяперашняга моманту праходзіў душпастырскую практыку ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат). З’яўляецца аспірантам Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ па спецыяльнасці філасофія.
Сакрамэнт пасвячэння кандыдатам удзеліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас урачыстай святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.
Пачатак у 12.00. На партале Catholic.by будзе весціся прамая трансляцыя святой Імшы з удзяленнем сакрамэнту пасвячэння.
Кандыдаты просяць аб духоўнай падтрымцы ў малітве, каб Бог адарыў іх патрэбнымі ласкамі для адданага і ахвярнага служэння Яго Касцёлу ў святарстве.