Пошук

20.06.2020 21:12   Catholic.by

20 чэрвеня ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой вернікі маліліся аб вечным жыцці для тых, чыё жыццё абарвалася ад COVID-19 і звязаных з ім хвароб.

Удзельнікі набажэнства, сярод якіх быў Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, і тыя, хто да іх духоўна далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі, таксама прасілі ў Бога ласкі як найхутчэйшага вяртання да здароўя для хворых.

Яны ўзносілі малітвы аб Божай апецы і заступніцтве Беззаганнай Багродзіцы для ўсіх дактароў і медыцынскіх работнікаў напярэдадні іх прафесійнага свята — Дня медыка, які ў нашай краіне адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў сабраным, што ўчора Касцёл адзначаў урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а сёння ўспамінае Беззаганнае Сэрца Марыі.

«Сэрца з’яўляецца сімвалам любові. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што прабітае Сэрца Езуса — гэта знак бязмежнай любові Бога да чалавека. І сапраўды, Езус дазволіў быць укрыжаваным для збаўлення чалавека, а Марыя спадарожнічала свайму Сыну Езусу Хрысту падачас Яго крыжовага шляху і заставалася пад крыжам падчас Яго смерці.

З дрэва крыжа Езус у асобе святога апостала Яна даў усім нам Марыю як духоўную Маці», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён нагадаў, што менавіта па просьбе Марыі падчас вяселля ў Кане Галілейскай Езус учыніў свой першы цуд.

«Марыя як наша духоўная Маці клапоціцца пра нас, сваіх дзяцей. Яна клапоціцца пра ўвесь Касцёл, бо з’яўляецца яго Маці. Маці ніколі не пакідае свайго дзіцяці ў бядзе. Таксама Марыя не пакінула нас падчас ганенняў на веру. У Фаціме ў 1917 годзе Яна заклікала да малітвы і навяртання і прадказала трыумф свайго Беззаганнага Сэрца і навяртанне нашых земляў да Бога.

Мы перажываем гэты працэс. Ён нялёгкі, бо тры пакаленні атэізацыі не прайшлі незаўважна. Яны пакінулі свой негатыўны след у нашым жыцці. Духоўную пустыню — спадчыну атэістычнага рэжыму — неабходна зрабіць ураджайнай глебай», — зазначыў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што акрамя гэтага ў наш час з’яўляецца нямала іншых цяжкасцяў і праблем: эканамічных, палітычных, сацыяльных і гэтак далей, сярод якіх асабліва балючым аказалася выпрабаванне пандэміяй.

«Пандэмія перавярнула наша жыццё з ног на галаву і змяніла многія нашы звычкі. Вялікая колькасць людзей захварэла, многія памерлі. <…> Гэта — суровая рэчаіснасць, з якой неабходна лічыцца і рабіць адпаведныя высновы», — заўважыў арцыпастыр.

На яго думку, варта больш сур’ёзна адносіцца да здароўя ўласнага і іншых люзей, а таксама клапаціцца пра медыцыну і людзей у белых халатах, якія нярэдка рызыкуюць уласным жыццём, каб ратаваць іншых. Акрамя таго, арцыбіскуп зазначыў, што пандэмія выкрыла шмалікія маральныя праблемы сучаснасці і паказала неабходнасць будаваць будучыню на трывалым духоўным падмурку.

«Таксма і нам сёння, вырашаючы надзённыя праблемы беларускага грамадства, неабходна найперш звяртацца да Бога і з Яго дапамогай, кіруючыся прынцыпамі сацыяльнага вучэння Касцёла, ісці наперад. Евангелле кажа, што Марыя захоўвала ўсе словы Езуса ў сваім сэрцы. Захаваем і мы іх так, каб яны былі надзейным „GPS-ам“ на складаных шляхах жыцця беларускага грамадства», — заклікаў арцыбіскуп Кандрусевіч, завяршыўшы гамілію кароткай малітвай праз заступніцтва Панны Марыі.

Пасля святой Імшы студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выканалі рэлігійныя музычныя творы жалобнага характару як своеасаблівы знак памяці ахвяр каранавірусу і салідарнасці з іх блізкімі.

Канцэрт-рэквіем можна было пачуць не толькі ў Чырвоным касцёле, але і звонку, на плошчы Незалежнасці, куды быў выведзены гук.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа