Унікальныя каталіцкія абразы ў гравюрах ужо хутка можна будзе ўбачыць у кнізе вядомага навукоўца ХІХ стагоддзя Канстанціна Тышкевіча «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва».
Выданне неўзабаве ўбачыць свет у сталічным выдавецтве «Беларуская навука».
Выданне ўпершыню знаёміць беларускага чытача з гэтай кнігай славутага навукоўца ХІХ стагоддзя, якая аказалася незаслужана забытаю і нават не згадваецца ў энцыклапедычных даведніках і даследаваннях, прысвечаных дзейнасці навукоўца. Аўтар сваёй кароткай прадмоваю да яе раскрыў цалкам невядомую старонку, звязаную з зараджэннем айчыннай графікі, расказаўшы пра яе пачатковыя крокі на нашай зямлі.
Канстанцін Тышкевіч прадставіў у кнізе ажно 180 унікальных гравюр, зробленых пераважна віленскімі мастакамі.
Дзякуючы гэтаму клапатліва сабранаму пад адной вокладкай ілюстрацыйнаму матэрыялу сучаснікі могуць пазнаёміцца прынамсі з часткаю багацейшых калекцый, што экспанаваліся ў Лагойскім і Віленскім музеях і якія ў выніку сумных для нашай Айчыны гістарычных падзей сярэдзіны ХІХ ст. былі ліквідаваныя і не захаваліся ў цэласнасці да цяперашняга часу.
Большая частка гравюр выкананы на рэлігійныя сюжэты: тут выявы Святой Сям’і, Езуса Хрыста, розных святых, якіх здаўна ўшаноўваюць вернікі Каталіцкага Касцёла.
Укладальнікам выдання стаў Уладзімір Васілевіч — беларускі фалькларыст, этнограф, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Кніга, несумненна, выкліча інтарэс у гісторыкаў, краязнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, рэлігіязнаўцаў і ўсіх, каго цікавіць мінуўшчына Беларусі і ў прыватнасці гісторыя Касцёла на нашых землях.