Пошук

09.06.2020 17:39   Польскі інстытут у Мінску / Catholic.by

З нагоды 100-й гадавіны з дня нараджэння святога Яна Паўла II Польскі інстытут у Мінску разам з Галерэяй плаката ў Кракаве запрашае да знаёмства з віртуальнай выставай плаката «Дарога... Караль Вайтыла / Ян Павел ІІ — у польскім тэатральным і памятным плакаце». Выстава прысвечана літаратурнай творчасці Караля Вайтылы.

Выстава таксама дапоўнена плакатамі, прысвечанымі падзеям часоў пантыфікату гэтага Папы і яго пастырскай дзейнасці. На ёй прадстаўляны працы самых выбітных мастакоў, прадстаўнікоў польскай школы плаката, для якіх «дарога Яна Паўла II» стала творчым натхненнем.

Выставу складаюць выбраныя плакаты з аб’ёмнай калекцыі прац, звязаных з Вялікім Папам.

Калекцыя Кшыштафа Дыды налічвае іх больш за сто. У асноўным гэта мастацкія працы, выкананыя найлепшымі польскімі плакацістамі, створаныя да кіна- ці тэатральных падзей. Ёсць таксама інфармацыйныя плакаты, звязаныя з публікацыямі, разнастайнымі сустрэчамі і мерапрыемствамі.

Плакаты паходзяць з перыяду 1979-2011 гг. Найстарэйшы з іх створаны Вальдэмарам Свежым да фільма пра Яна Паўла ІІ «Пілігрым». Наступны пасля яго — плакат Мечыслава Гуроўскага да прэм’еры спектакля Караля Вайтылы «Брат нашага Бога».

У часы сваёй маладосці Караль Вайтыла быў чалавекам тэатра. Пяць яго п’ес мелі ў Польшчы больш за 30 пастановак на прафесійных сцэнах. Плакаты да іх стваралі найлепшыя польскія мастакі-плакацісты. Побач са згаданымі раней гэта Францішак Старавейскі, Ян Ярамір Алексюн, Гжэгаж Маршалак, Лех Маеўскі, Анджэй Пангоўскі. Адна з пастановак «Брат нашага Бога» была перанесена на экран Кшыштафам Занусі. Плакат да фільма стварыў Марэк Паўлоўскі.

Іншы від прадстаўленых плакатаў звязаны з падарожжамі Яна Паўла ІІ.

Тут трэба згадаць такіх мастакоў, як Міхал Клісь, Веслаў Гжэгорчык, Войцех Коркуць.

Плакаты ўжо ўдзельнічалі ў выставах у Польшчы і за мяжой, у тым ліку ў Швецыі, Харватыі і Германіі. Найбуйнейшая выстава адбылася ў 2013 годзе ў Мысляніцах (Польшча). Плакат да яе стварыў Себасцьян Кубіца. Плакат да прэзентаванай выставы стварыла прадстаўніца маладога пакалення Патрыцыя Лангава.

Прэзентацыя калекцыі плаката стала магчымай дзякуючы дапамозе і ўдзелу галерэі «Кшыштаф Дыда. Галерэя плаката ў Кракаве». Галерэя была створана ў 1985 годзе Кшыштафам Дыдам; з 1994 года дзейнічае як прыватная галерэя, уласнікамі якой з’яўляюцца Кшыштаф Дыда і Эва Пабіс. Гэта адзіная ў Польшчы галерэя, якая спецыялізуецца выключна на папулярызацыі і продажы польскага плаката, месца сустрэчы як мастакоў, так і ўсіх тых, хто цікавіцца польскім мастацкім плакатам.

Акрамя падрыхтоўкі выстаў, плакатаў і паштовак з рэпрадукцыямі плакатаў, галерэя ўдзельнічае ў арганізацыі і праводзіць свае тэматычныя конкурсы плаката.

Польскі інстытут у Мінску ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору.

У сувязі з гэтым усіх зацікаўленых запрашаюць сачыць за інфармацыяй і падзеямі на сайце інстытута і яго старонцы ў Facebook.

Абноўлена 09.06.2020 17:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.