Пошук

01.06.2020 11:08   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

30 мая, пасля ўрачыстых лінеек у школах, выпускнікі сабраліся ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім, каб падзякаваць Богу за праведзеныя разам за партамі адзінаццаць гадоў і прасіць аб Божым бласлаўленні на шлях дарослага жыцця.

Як паведамляе сайт Catholicnews.by, перад пачаткам Літургіі глыбоцкі пробашч ксёндз Мікалай Ціхановіч запрасіў выпускнікоў і бацькоў да сакрамэнту пакаяння, каб змаглі ачысціць свае сэрцы і паяднацца з Панам.

У прамоўленай на Імшы гаміліі святар даў настаўленне выпускнікам, у якім заахвоціў іх быць самастойнымі ў выбары жыццёвага шляху.

«Ніколі не будзьце залежнымі ад меркавання іншай асобы. Настойліва ідзіце за тым, што ў вашым сэрцы, і так вы зможаце ў жыцці дасягнуць таго, што добра для вас.

Ні прафесію, ні жыццёвы шлях вам не павінны выбіраць бацькі, настаўнікі ці ксёндз — ніхто. Гэта ваш жыццёвы выбар. Вы можаце раіцца з бацькамі, але канкрэтны выбар заўсёды за вамі.

Выпрацоўвайце ў сабе настойлівасць — рысу веруючага чалавека, які ведае, чаго хоча ў жыцці».

Пробашч прапанаваў учарашнім школьнікам тры думкі ў якасці дапамогі на шляху дарослага жыцця.

Перадусім ён заклікаў моладзь шукаць праўду, якая будзе задавальняць і прыносіць дабро. Па-другое, святар заахвоціў юнакоў і дзяўчат навучыцца па-хрысціянску перажываць няўдачы, успрымаючы іх як жыццёвыя ўрокі звыш. І нарэшце, ксёндз Мікалай пажадаў выпускнікам не губляць сувязі з мамай і татам.

«Што б ні здарылася, менавіта ў моманты цяжкасцяў не чакайце дапамогі ад равеснікаў — гэта памылка.

Звяртайцеся да бацькоў і трымайцеся іх. Шануйце і цаніце тое, што атрымалі ў сям’і», — даў параду пробашч.

На заканчэнне Імшы ксёндз Мікалай акрапіў асвячанай вадой выпускнікоў і ўдзяліў бласлаўленне, пасля якога бацькі звярнуліся да святара са шчырымі словамі ўдзячнасці за малітву, прыклад і духоўнае выхаванне іх дзяцей

Абноўлена 01.06.2020 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа