29 мая на 57-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Анджэй Возьняк, сэрцанін, пробашч парафіі святога Антонія Падуанскага ў Стопніцы (Келецкая дыяцэзія, Польшча). З 2003 па 2016 год ён быў пробашчам парафіі святога Антонія Падуанскага ў Паставах і дэканам Пастаўскім (Віцебская дыяцэзія).
Як адзначалася на Сatholicnews.by, святар, прыехаўшы ў пачатку лютага 2003 года ў Беларусь, актыўна ўзяўся за працу. Каб не мець моўнага бар’еру з вернікамі, адразу пачаў вывучаць беларускую мову і ўжо праз два месяцы стаў маліцца па-беларуску. Шмат задумак было ў яго і ажыццявілася па добраўпарадкаванні касцёла і яго тэрыторыі: пакладзена плітка вакол храма, зроблена аўтастаянка, пасаджана шмат гатункаў туй і руж, некалькі разоў пакрывалася лакам падлога ў касцёле, былі нанава пафарбаваны сцены, зроблены новыя дзверы. На вежы касцёла ў 2009 годзе як падарунак гораду да яго юбілею з’явіўся гадзіннік.
Паўразбураны будынак былога завода «Беліт» пробашч ператварыў у базу для летняга адпачынку дзяцей: з’явілася некалькі спальных памяшканняў, актавая і спартыўная залы, душавыя кабінкі.
З 2004 года ён пачаў ажыццяўляць праект «Новае аблічча парафіі», сутнасць якога ў тым, каб свецкія вернікі ўсё больш далучаліся да працы ў парафіі і запрашалі да гэтага іншых, арганізуючы розныя ўрачыстасці.
За 11 поўных гадоў працы ксяндза Анджэя ў пастаўскай парафіі туды прыйшло каля трох тысяч новых вернікаў, каля 150 пасланцоў сталі разносіць у кожную каталіцкую сям’ю лісты ад парафіі. За гэтыя гады было адзначана больш за 50 падзей, якія прыцягвалі ўвагу не толькі католікаў: Дзень Перамогі, 20-годдзе адраджэння касцёла, Дзень настаўніка, традыцыйным стала свята дажынак, часта па вуліцах праходзіў Крыжовы шлях.
На базе касцёла былі створаны кругласутачныя аздараўленчыя лагеры для дзяцей. Святар быў спонсарам паездак на Блакітныя азёры, на Браслаўшчыну, у Мосар, у аквапарк у Маладзечна або Мінск, арганізоўваў конкурс каляднай песні для дзяцей і моладзі. Шмат разоў у раён па яго запрашэнні прыязджалі групы ананімных алкаголікаў. Дзякуючы святару ў Паставах з’явіўся пакой для развітання з памерлымі і сталоўка для бедных, дзе можна атрымаць бясплатны абед.
Некалькі гадоў таму ксёндз Анджэй казаў у інтэрв’ю Kolokol.net: «Можна сказаць, што для мяне не стаяла пытання, чаму прысвяціць сваё жыццё. З юнацтва я быў міністрантам — памочнікам на набажэнствах у касцёле, праводзіў там шмат часу. Калі некаторыя людзі прымаюць рашэнне стаць святаром у нейкі паваротны момант жыцця, то ў мяне гэта адбывалася паступова, крок за крокам.
Бачачы жыццё святароў, тое, чым яны занятыя, і дапамагаючы ім, я ўсё больш разумеў: хачу служыць Пану Богу, дапамагаць іншым людзям стаць бліжэй да Яго».
Святар дзяліўся ў тым жа інтэрв’ю, што яму падабаюцца кнігі, якія дапамагаюць у яго служэнні, — часцей за ўсё ён чытаў у апошні час Апостальскую адгартацыю Папы Францішка Evangelii gaudium («Радасць Евангелля»), якая «вельмі натхняе і дапамагае ў жыцці сучаснага Касцёла».
Кажучы пра тое, што яго больш за ўсё цешыла за апошні год, кс. Анджэй адзначаў: «Тое, што людзям прыносяць карысць нашы справы, што многія з цікавасцю ўдзельнічаюць у іх. Прыемна, што людзей радуюць тыя хрысціянскія сустрэчы, якія мы арганізуем: для дзяцей, моладзі, дарослых».
Лепшай парадай, дадзенай яму ў жыцці, святар называў словы, пачутыя ў юнацтве ад адной сястры законнай: «Галоўнае — мець волю да добрых справаў. Воля, як лакаматыў, цягне за сабой шмат добрага!»
Сваім жыццёвым крэда ён лічыў наступнае: «Лепшы спосаб выканаць любы закон, Божы або чалавечы, — зрабіць гэта з любоўю».
Пра месца і час пахавання будзе паведамлена пазней.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…