Пошук

03.11.2023 09:22   Тэкст: кс. Аляксандр Фядотаў SCJ / Фота: удзельнікаў дзён засяроджання / Catholic.by

30 і 31 кастрычніка ў Паставах (Віцебская дыяцэзія) адбыліся дні засяроджання для моладзі з розных парафій, дзе нясуць служэнне душпастыры з законніцкай супольнасці святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса — сэрцане.

У духоўных практыкаваннях удзельнічалі юнакі і дзяўчаты з Варапаева, Гродна, Ляхавічаў і Паставаў.

Дні засяроджання — гэта перадусім паглыбленне асабістай сувязі з Езусам. Гэты час быў напоўнены малітвай: Эўхарыстыя, Ружанец, адарацыя, канферэнцыі, магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі. Дні засяроджання — гэта таксама магчымасць быць і адпачываць разам; гэта сустрэча старых сяброў, гэта новыя знаёмствы, гэта песні, танцы, гульні, размовы. Усё, што дазваляе моладзі адчуць сябе адной вялікай і дружнай сям’ёй, адной супольнасцю, аб’яднанаю сэрцанскім стылем душпастырства.

Дні засяроджання ў Паставах былі тэматычна прысвечаны жыццю благаслаўлёнага Карло Акуціса — італьянскага юнака, які памёр у 15-гадовым узросце ад лейкеміі. Яго часта называюць «інтэрнэт-апосталам Эўхарыстыі» і нябесным апекуном евангелізацыі праз сеціва.

Карло Акуціс быў звычайным хлопцам, які хадзіў у школу і гуляў з сябрамі, але ў той жа час меў глыбокую любоў да Эўхарыстыі. Першую святую Камунію ён прыняў ва ўзросце сямі гадоў, што з’яўляецца выключэннем для Італіі. Для гэтага хлопец атрымаў спецыяльны дазвол ад касцёльных уладаў. З таго дня прыняцце святой Камуніі стала неад’емнай часткай яго жыцця, таксама як і ружанцовая малітва, пра якую юнак казаў, што «Ружанец — самая кароткая драбіна да неба».

Карло Акуціс захапляўся інфарматыкай, быў вельмі здольным хлопцам. Ён выкарыстоўваў інтэрнэт у якасці евангелізацыйнай пляцоўкі, дзе сведчыў пра сваю любоў да Эўхарыстыі. Юнак стварыў міжнародную анлайн-выставу, прысвечаную эўхарыстычным цудам, што былі прызнаныя Касцёлам. «Эўхарыстыя — гэта мая аўтастрада да неба», — казаў Карло Акуціс.

Дэвізам сустрэчы сталі словы благаслаўлёнага: «Усе нараджаюцца арыгіналамі, але многія паміраюць ксеракопіямі».

Юнакі і дзяўчаты разважалі над гэтымі глыбокімі словамі свайго благаслаўлёнага аднагодкі, дзяліліся сваімі ўражаннямі, выказвалі меркаванні, чаму і чым прыцягвае асоба юнака, яго жыццё, яго захапленні.

Маладыя ўдзельнікі дзён засяроджання адзначылі важнасць і неабходнасць такіх духоўных сустрэч, прызнаўшы, што яны даюць багаты плён.

Абноўлена 03.11.2023 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця