Пошук

19.06.2023 16:29   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У пятніцу 16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію святога Антонія Падуанскага ў Паставах (Віцебская дыяцэзія), дзе ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Сакрамэнт хрысціянскай сталасці ў гэты дзень прынялі некалькі дзясяткаў вернікаў з парафіі святога Антонія Падуанскага, а таксама з маладой мясцовай парафіі Езуса Міласэрнага, пробашч якой ксёндз Павел Самсонаў, дэкан Пастаўскі, таксама браў удзел ва ўрачыстасці.

Цэлебрацыя адбывалася ў прыгожым пастаўскім касцёле, адноўленым калісьці намаганнямі ксяндза Яна Шуткевіча, якога дагэтуль памятаюць удзячныя вернікі ўсёй акругі за яго душпастырскі запал і нястомную руплівасць у справе адраджэння Касцёла пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага пераследу.

Цяпер служэнне ў парафіі нясуць святары з законніцкай супольнасці сэрцанаў, якіх на пачатку святой Імшы біскуп Касабуцкі шчыра павіншаваў з патранальным святам.

Пасля прывітання бацькі кандыдатаў да канфірмацыі звярнуліся да біскупа з просьбай удзяліць іх дзецям, якіх яны старанна выхоўвалі, сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім звярнуў увагу на значэнне ўрачыстасці Сэрца Езуса. «Напэўна, у многіх з нас у дамах ёсць гэты папулярны абраз, на якім Езус як быццам паказвае ўсім сваё палаючае любоўю Сэрца.

Сэрца — сімвал любові Хрыста да чалавецтва. Ён любіць нас, нягледзячы на нашыя слабасці, на нашыя недахопы і грахі. Ён любіць людзей, нават нягледзячы на тое, што яны крычалі „на крыж Яго!“», — адзначыў біскуп Касабуцкі.

Ён дадаў, што на крыжы з прабітага Сэрца Збаўцы праліліся кроў і вада, якія сталі крыніцай сакрамэнтаў Касцёла.

«У сакрамэнце канфірмацыі чалавек прымае Духа Святога з Яго незлічонымі дарамі, якіх значна больш за гэтых сем, напісаных тут, побач з амбонай. Гэта толькі сем асноўных дароў, якія пералічвае Святое Пісанне, а насамрэч іх нашмат больш, і кожны атрымлівае іх для годнага хрысціянскага жыцця, для духоўнага ўмацавання, для ўзрастання ў цнотах», — падкрэсліў біскуп. Ён заклікаў кандыдадатаў заўсёды карыстацца гэтымі дарамі, не занядбоўваць іх, каб быць вучнямі Хрыста і Яго сведкамі ў сучасным свеце. «Імкніцеся да гэтага і прасіце Езуса, каб учыніў вашыя сэрцы падобнымі да свайго Найсвяцейшага Сэрца, ціхага і пакорнага», — заахвоціў іерарх.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі з цеплынёю ўзгадаў, што 27 гадоў таму правёў у Паставах амаль цэлы год, несучы пры мясцовай парафіі дыяканскае служэнне.

Пасля Эўхарыстыі ён з цікавасцю наведаў дом, дзе яму давялося жыць у той час.

Цяпер у будынку знаходзіцца кляштар законніцкай супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнай, якія нясуць служэнне пры парафіі.

 

Абноўлена 19.06.2023 16:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця