Пошук

28.05.2020 18:08   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі, Кс. Аўгуст Калясінскі / Catholic.by

25 мая каталіцкія біскупы Беларусі вырашылі перанесці фэст у Будславе на пазнейшы час, але пры гэтым вернікі па-ранейшаму маюць магчымасць маліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай. Калі гэта лепш зрабіць — у нашым матэрыяле.

У апошнія гады урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі традыцыйна адбываліся ў першую суботу ліпеня і распачыналіся ўжо напярэдадні. Сёлета Будслаўскі фэст, які ЮНЕСКА занесла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, павінен быў адбыцца 3 і 4 ліпеня. Аднак з-за пандэміі каранавірусу каталіцкія біскупы Беларусі перанеслі яго на пазнейшы час, які пакуль не вызначаны.

Дата правядзення вялікіх урачыстасцяў у Будславе сёлета залежыць ад таго, як будзе развівацца эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне.

Тым не менш, ніякіх строгіх абмежаванняў на правядзенне набажэнстваў у Беларусі няма. У касцёлах па-ранейшаму адбываюцца цэлебрацыі з захаваннем прадпісанняў беларускага епіскапату, выдадзеных з клопатам пра здароўе вернікаў і ўсіх нашых суграмадзянаў на падставе рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і Сусветнай арганізацыцыі аховы здароўя.

Адбываюцца яны і ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Дзякуючы пастаяннай трансляцыі, якая вядзецца са святыні анлайн, ёсць магчымасць у любы момант памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай, а таксама духоўна далучыцца да штодзённых цэлебрацый.

Акрамя таго, ніхто не забараняе наведваць Нацыянальны санктуарый паасобным пілігрымам.

Паколькі ў апошні час сюды не прыязджаюць арганізаваныя групы, найпрасцей (і найбольш бяспечна) гэта можна зрабіць на асабістым транспарце.

Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік, бліжэйшае свята, непасрэдна звязанае з будслаўскай святыняй, адбудзецца тут у суботу 30 мая.

Менавіта ў гэты дзень у Нацыянальным санктуарыі адсвяткуюць урачыстасць Адведзінаў святой Альжбеты Найсвяцейшай Паннай Марыяй. Паколькі гэты літургічны ўспамін адзначаецца 31 мая і сёлета прыпадае на нядзелю Спаслання Духа Святога, у Будславе ён перанесены на дзень раней.

Чаму гэты ўспамін важны для будслаўскай святыні? Рэч у тым, што першы касцёл у мястэчку быў асвячаны менавіта ў гонар Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты. Гэтая святыня з унікальным разблёным алтаром — так званы «стары касцёл» — сёння з’яўляецца часткай Нацыянальнага санктуарыя, непасрэдна злучанай з асноўным касцёлам, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца цудадзейны абраз.

Успамін Адведзінаў святой Альжбеты традыцыйна святкуецца ў будслаўскай парафіі як адпуст.

30 мая ў «старым касцёле» а 7-й гадзіне раніцы адбудзецца святая Імша, якая будзе транслявацца на Catholic.by. У гэты ж дзень святая Імша з трансляцыяй апоўдні будзе цэлебравацца таксама перад цудатворнай іконай.

Тыя, хто ў гэты дзень наведаюць Нацыянальны санктуарый, могуць атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах.

Акрамя таго, як гаворыцца ў спецыяльным Паведамленні Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, таксама на пачатку ліпеня ў Будславе адбудуцца штогадовыя парафіяльныя адпустовыя ўрачыстасці.

Парадак набажэнстваў наступны:

  • 1 ліпеня – 18.00
  • 2 ліпеня – 9.00, 12.00, 18.00

У наш час 2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святкаванне ў гэты дзень мае глыбокія карані, таму што да рэформы літургічнага календара ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, успамін Адведзінаў святой Альжбеты Паннай Марыяй адзначаўся менавіта 2 ліпеня. Таму традыцыйна адпустовыя ўрачыстасці ў Будславе раней адбываліся акурат у гэтыя дні.

Фота Міколы Новікава
Фота Міколы Новікава

Акрамя таго, таксама ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што адзначаецца 15 жніўня, з’яўляецца ў Будславе асаблівым днём. У гонар Унебаўзяцця была асвячана вялікая будслаўская базыліка; гэты тытул носіць таксама тутэйшая парафія.

Згодна з адмысловым папскім прывілеем, выдадзеным 28 студзеня 1791 года, у гэтую ўрачыстасць у Будславе можна таксама атрымаць адпуст.

Гэта пацвярджае ўнікальны дакумент найвышэйшых касцёльных уладаў — була Папы Пія VI, якая ўжо больш за два стагоддзі з пашанаю захоўваецца ў будслаўскай святыні. Падаем яе змест цалкам у перакладзе з лацінскай мовы Юрыя Рашатко, кандыдата да пасвячэння і дактаранта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта.

«Папа Пій VI на вечную памяць пра справу. Дзеля пашырэння пабожнасці вернікаў і збаўлення душаў, натхнёныя нябеснымі скарбамі Касцёла [і] Божай любоўю, усім і кожнаму з <…> вернікаў, якія шчыра пакаюцца і паспавядаюцца, падмацаваныя Найсвяцейшай Камуніяй, і наведаюць Будслаўскі касцёл пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Ордэна Святога Францішка Братоў Меншых Бэрнардынаў Віленскай дыяцэзіі ў дзень свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, пачынаючы з першых Нешпараў ажно да заходу сонца таго самага дня, штогод, і пабожна ўзнясуць там да Бога пакорныя малітвы аб згодзе паміж хрысціянскімі кіраўнікамі, аб выкараненні ерасяў і аб сапраўднай велічы святой Маці Касцёла, —

Мы, міласэрна ў Пану, удзяляем поўны адпуст і адпушчэнне [грахоў] тым вернікам, якія шчыра пакаюцца, паспавядаюцца і падмацуюцца Найсвяцейшай Камуніяй, наведаюць касцёл і памоляцца там на працягу аднаго з трох дзён, вызначаных ардынарыем. Вернікі таксама [могуць] атрымаць поўны [адпуст] і адпушчэнне ўсіх сваіх грахоў кожны год на працягу [вызначанага] перыяду. Любыя супярэчныя гэтаму пастановы не маюць моцы. Цяпер, заўсёды і на векі вечныя. Дадзена ў Рыме ў святога Пятра, змацавана пярсцёнкам Рыбака 28 студзеня 1791 года, у шаснаццаты год Нашага Пантыфікату».

Такім чынам, калі падагульніць, у бліжэйшы час ёсць магчымасць тройчы ўзяць удзел у адпустовых урачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе: 30 мая, 1 і 2 ліпеня, а таксама 15 жніўня.

Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ксёндз Дзмітрый Дубовік разлічвае на тое, што гэта дапаможа пазбегнуць вялікага наплыву вернікаў у адзін дзень.

Тым, хто жадае сёлета наведаць Будслаў і асабіста памаліцца перад цудадзейным абразом, варта мець на ўвазе кожную з магчымасцяў удзелу ў адпустовых урачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі: у маі, ліпені і ў жніўні.

«Няхай Маці Божая благаславіць кожнага, хто пажадае асабіста ўшанаваць Яе ў будслаўскай святыні, а ўдзел у набажэнствах няхай будзе для ўсіх пілігрымаў і мясцовых парафіянаў максімальна бяспечным», — выказвае пажаданне будслаўскі пробашч.

Абноўлена 26.05.2023 23:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.