Пошук

27.05.2020 13:32   Ігар Цярэшчанка / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Неабходнасць насіць маскі ў месцах масавага збору людзей, у тым ліку на набажэнствах у святынях, даводзіць урач-патолагаанатам Ігар Цярэшчанка ў артыкуле, які прапануем увазе чытачоў.

Нягледзячы на тое, што боль ад адносна раптоўнай страты блізкіх з прычыны дыхальнай недастатковасці, выкліканай вірусам SARS-CoV-2 (у тым ліку і ў асацыяцыі з іншымі віруснымі і бактэрыяльнымі інфекцыямі), закрануў непасрэдна ўжо вельмі многіх на тэрыторыі постсавецкай прасторы, на жаль, не ўсе людзі разумеюць неабходнасць нашэння любых сродкаў індывідуальнай засцярогі органаў дыхання (марлевых павязак, медыцынскіх масак, рэспіратараў, ізалюючых шлемаў). Часта нежаданне іх насіць мае самую разнастайную матывацыю, якую мы не будзем закранаць.

Аднак як матываваць людзей насіць сродкі індывідуальнай засцярогі асабліва ў месцах масавага збору людзей, а такімі, несумненна, з'яўляюцца  набажэнствы ў святынях, калі яны самі не баяцца захварэць?

Нагадаць ім, што свет круціцца не вакол іх: перадача вірусу SARS-CoV-2 магчымая не толькі ў разгар клінічных праяваў, калі чалавек адчувае класічныя сімптомы, але і ў інкубацыйны перыяд COVID-19, а таксама на стадыі ранніх клінічных сімптомаў (якія не заўсёды могуць быць прынятыя пад увагу з боку пацыентаў).

Акрамя таго, можна быць яшчэ і бессімптомным носьбітам, што адыгрывае значную ролю ў эпідэміялогіі COVID-19. Калі ты носіш сродкі індывідуальнай засцярогі органаў дыхання, ты абараняеш не толькі сябе, але і людзей, з якімі кантактуеш. Ну а калі чалавеку пляваць і на тых, хто навокал? Тут ужо нічога не зрабіць… За такую асобу варта проста маліцца.

Канечне, дастаткова цяжка на сённяшнім этапе атрымаць аб’ектыўныя навуковыя дадзеныя: нам спатрэбяцца яшчэ многія месяцы і гады даследаванняў і іх метааналізу, каб вынесці меркаванні, якія адпавядаюць строгім патрабаванням доказнай медыцыны. Тым не менш, мы прапануем вам вынікі вельмі цікавага агляду шэрагу даследаванняў1 (гэта менавіта спроба аналізу іншых навуковых прац), выкананага вялікай камандай міжнародных спецыялістаў з ЗША, камуністычнага Кітая, Ганконга, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Чэхіі, Бельгіі і Вялікабрытаніі.

Спадзяемся, што ў вас, паважаныя чытачы, з’явіцца магчымасць пасля прачытання спасылацца на пэўныя лічбы ў размовах з людзьмі, якія не жадаюць насіць маскі і рэспіратары.

Найбольш значнымі, на думку даследчыкаў, пры перадачы ўзбуджальнікаў вострых рэспіраторных вірусных інфекцый з’яўляюцца водныя часцінкі памерам ад 5 да 10 нанаметраў (вельмі маленькія, мікраскапічныя). Тым не менш, у большасці выпадкаў, пры вывучэнні фільтрацыйнай здольнасці сродкаў індывідуальнай засцярогі вызначаюць, які працэнт часцінак памерам ад 0,02 да 1 нанаметра затрымліваецца матэрыялам, з якога маска або рэспіратар выраблены.

Ніжэй прыведзены дадзеныя трох, адносна старых, даследаванняў, дзе ўказаны працэнт водных часцінак, якія затрымліваюцца маскамі (самаробнымі і прамысловымі). Па меркаванні аўтараў агляду, фільтрацыйная здольнасць масак наўрад ці значна змянілася з таго часу.

  [2] [3] [4]
Маскі з падручных матэрыялаў (марля, бавоўна, лён) 49-86% 3-60% 60%
Хірургічныя медыцынскія маскі прамысловай вытворчасці 89% 60% 75%


Зрэшты, у табліцы гаворка ідзе пра аднаразовую фільтрацыю водных часцінак саму па сабе.

У практычным жа прымяненні мае значэнне так званы «фільтрацыйны запас», гэта значыць тое, наколькі эфектыўна матэрыял фільтруе часцінкі ў рэальных умовах, пры сярэднестатыстычным нашэнні маскі.

Тут прамысловыя медыцынскія маскі паказалі сябе ў тры разы больш эфектыўнымі, чым самаробныя сродкі індывідуальнай засцярогі2. Акрамя гэтага, нагадаем, што ў табліцы прыведзены ўсяго толькі эксперыментальныя дадзеныя па фільтрацыі часцінак, на якіх патэнцыйна можа пераносіцца вірус.

На жаль, канчатковая эпідэміялагічная інфармацыя будзе даступная нам толькі тады, калі пандэмія COVID-19 скончыцца. На сённяшні момант проста не хапае дастатковай колькасці дадзеных, каб аперыраваць канкрэтнымі лічбамі па змяненні крывой захворвання ў залежнасці ад працэнту насельніцтва, які носіць маскі.

Аднак, нягледзячы на адсутнасць канкрэтных статыстычных дадзеных адносна перадачы вірусу SARS-CoV-2, настойліва рэкамендуем усім вернікам, якія прысутнічаюць на набажэнствах, насіць сродкі індывідуальнай засцярогі органаў дыхання.

Выкананне запаведзі «любі бліжняга твайго, як самога сябе» ў сённяшніх умовах здзяйсняецца перш за ўсё як выкананне патрабавання насіць маску.

Спасылкі на крыніцы інфармацыі:

1Howard, J.; Huang, A.; Li, Z.; Tufekci, Z.; Zdimal, V.; van der Westhuizen, H.; von Delft, A.; Price, A.; Fridman, L.; Tang, L.; Tang, V.; Watson, G.L.; Bax, C.E.; Shaikh, R.; Questier, F.; Hernandez, D.; Chu, L.F.; Ramirez, C.M.; Rimoin, A.W. Face Masks Against COVID-19: An Evidence Review. Preprints 2020, 2020040203 (doi: 10.20944/preprints202004.0203.v2).
2A. Davies, et al., Testing the Efficacy of Homemade Masks: Would They Protect in an Influenza Pandemic? Disaster Medicine Public Heal. Prep. 7, 413–418 (2013).

3S Rengasamy, B Eimer, RE Shaffer, Simple Respiratory ProtectionEvaluation of the Filtration Performance of Cloth Masks and Common Fabric Materials Against 201000 nm Size Particles. The Annals Occup. Hyg. 54, 789–798 (2010).
4Mvd Sande, P Teunis, R Sabel, Professional and Home-Made Face Masks Reduce Exposure to Respiratory Infections among the General Population. PLOS ONE 3, e2618 (2008).

Абноўлена 27.05.2020 16:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа