Пошук

22.05.2020 14:33   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: nowytydzien.pl

22 мая Касцёл успамінае святую Рыту з Касіі, законніцу, апякунку ў цяжкіх справах. Нанава асэнсаваць яе чалавечы і духоўны досвед як знак Божай міласэрнасці заахвочвае таксама Папа Францішак.

Маргарыта (скарочаная форма — Рыта — стала ў практыцы яе новым імем) нарадзілася ў 1367 г. у Касіі (Пэруджа, Цэнтральная Італія). Насуперак сваёй волі яна мусіла ўзяць шлюб з Фердынандо Манчыні, якому нарадзіла дваіх сыноў. Калі яе жорсткі і авантурны муж быў забіты ў 1401 г., сыны паабяцалі крывавую помсту. Рыта горача малілася, каб яе дзеці не былі забойцамі. Сыны памерлі ў 1402 г. Хоць яна з цяжкасцю зносіла свой лёс, але прабачыла забойцам мужа.

Рыта хацела ўступіць як пустэльніца ў ордэн аўгустынак у Касіі, але яе не прынялі туды. Традыцыя кажа, што ў начным аб’яўленні яна ўбачыла святых Яна Хрысціцеля, Аўгустына і Мікалая з Таленціно, якія правялі яе да брамаў кляштара. Пасля шматразовых адмоваў Рыту ўрэшце прынялі ў ордэн у 1407 г.

Там яна вяла суровае жыццё пакаяння.

Святая пастаянна разважала над мукай Пана, а ў знак таго, што яна непасрэдна ўдзельнічае ў гэтай муцы, атрымала стыгмат — яе чало працяла церне.

Гэты знак яна мела з 1432 г. на працягу 15 гадоў, да смерці. Апошнія чатыры гады Рыта правяла ў ложку, знясіленая цяжкай хваробай. Легенда кажа, што Езус учыніў святой велізарную радасць, падарыўшы ёй у сярэдзіне суровай зімы букет прыгожых духмяных ружаў. Таму і сёння існуе традыцыя благаслаўлення «ружаў святой Рыты».

Святая памерла ў сваім кляштары аўгустынак 22 мая 1447 г. Ужо на наступны дзень пасля смерці Рыты здарыліся цуды праз яе заступніцтва. Яна стала вядомай як апякунка ў цяжкіх справах і нават безнадзейных жыццёвых сітуацыях. Праз 10 гадоў пасля смерці яе цела, якое засталося непашкоджаным, было перанесена ў сакрыстыю касцёла пры яе кляштары. У 1937 г. каля яго была пабудавана базыліка, якая стала мэтай шматлікіх пілігрымак. У 1627 г. Папа Урбан VIII беатыфікаваў Рыту, a ў 1900 г. Леў ХІІІ кананізаваў яе.

Рэліквіі св. Рыты. Фота: Аleteia.org

У іканаграфіі святую прадстаўляюць у манаскім адзенні — чорным габіце і белым вэлюме, з цернем на чале. Яе атрыбуты — двое дзяцей, укрыжаванне, церне, смоква, пчолы, ружа.

На ўспамін пра «цуд ружаў» 22 мая кожнага года ва ўсёй Італіі благаслаўляюцца так званыя ружы святой Рыты.

Таксама ў касцёле аўгустынцаў у Вене ў гэты дзень цэлебруецца святая Імша ў інтэнцыі цяжкіх справаў. Кожная жанчына атрымлівае ружу, а перад бакавым алтаром св. Рыты святар удзяляе спецыяльнае благаслаўленне рэліквіямі святой.

З 1904 г. у Рыме дзейнічае Брацтва св. Рыты, а ў Вюрцбургу з 1911 г. існуе заснаваная аўгустынцамі супольнасць сясцёр святой Рыты. Ва ўсім свеце, нават на далёкіх Філіпінах ці ў Паўднёвай Амерыцы, можна сустрэць касцёлы ў яе гонар. У Германіі 22 мая арганізуюцца пілігрымкі да святой Рыты, рэліквіі якой знаходзяцца ў касцёле св. Юзафа ў Майнцы.

Фота: santaritadacascia.org

Абноўлена 22.05.2020 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця