Пошук

18.05.2020 10:23   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

15 мая пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёндз канонік Францішак Рудзь узяў удзел у анлайн-пасяджэнні круглага стала «Архівы і архіўныя дакументы ў працы ўстаноў сярэдняй адукацыі».

Арганізатарамі навуковага мерапрыемства сталі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У дыялогу ўзялі ўдзел каля 50 навукоўцаў з Беларусі, Расіі і Польшчы.

Праблемным полем круглага стала сталі пытанні папулярызацыі дакументаў, якія захоўваюцца ў архівах Рэспублікі Беларусь, пошуку інфармацыі пра гісторыю сваёй сям'і, развіцця архіваў школьных устаноў, фарміравання архіўнай культуры ў моладзі, методыкі вядзення архіўнага справаводства, вывучэння і захавання дакументальнай спадчыны Беларусі.

Архівы з'яўляюцца скарбніцамі дакументальнай памяці.

Іх найбагацейшыя зборы распавядаюць не толькі пра шматвяковую беларускую гісторыю, але і пра гісторыю сям'і і кожнага чалавека паасобку.

У наш час многія людзі цікавяцца складаннем радавога дрэва. Усё часцей да пробашчаў парафій звяртаюцца з пытаннямі аб крынiцазнаўчай базе для аднаўлення радаводу. Асновай для яе вывучэння служаць матэрыялы метрычных кніг, якія вяліся пробашчамi парафій на тэрыторыі Беларусі ў XVI – пачатку XX стст. Асноўная частка метрычных кніг беларускіх касцёлаў сёння знаходзіцца ў дзяржаўных архівах Беларусі і замежжа.

У якіх краінах і фондах архiваў знаходзяцца метрычныя кнігі беларускіх касцёлаў? Якая методыка працы з крынiцамi? З якога ўзросту дазволена звяртацца ў архівы для працы з метрычнымi кнігамi? Якія дакументы неабходна падаць даследчыку свайго радаводу ў архіў для атрымання дазволу на працу з крынiцамі?

На ўсе гэтыя пытанні ксёндз Францішак Рудзь атрымаў кампетэнтныя адказы спецыялістаў у галіне архівазнаўства і крыніцазнаўства Рэспублікі Беларусь і замежных краін.

У сваю чаргу навукоўцы пацікавіліся сучаснай методыкай складання метрычных кніг і вядзеннем архіву ў Касцёле, тым, якiя віды дакументаў уключаны ў архівы парафій, як яны вядуцца і якую інфармацыю ўтрымліваюць.

Па выніках пасяджэння круглага стала плануецца выданне матэрыялаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.