Пошук

15.05.2020 16:23   Jan.by / Catholic.by
Фота: Jan.by

Паколькі з-за пандэміі каранавірусу правядзенне катэхезы ў многіх парафіях было прыпынена, узнікла неабходнасць дыстанцыйнай формы навучання для тых, хто цяпер не мае магчымасці наведваць заняткі пры касцёле.

Катэхетычная секцыя, якая дзейнічае ў межах Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, вырашыла стварыць цыкл відэакатэхез, каб працягваць заняткі па рэлігіі анлайн.

Перадусім гэта катэхезы, прысвечаныя святым сакрамэнтам, якія ўваходзяць у праграму другога года падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі.

Такім чынам ужо цяпер на нашым партале дзеці могуць працягваць анлайн падрыхтоўку да сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі, каб, як толькі дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя, яны годна ўпершыню прынялі Езуса ў свае сэрцы.

Хто ж стварае гэтыя відэакатэхезы для нашых дзетак? Вядома, у Касцёла на Беларусі няма сваёй уласнай відэастудыі, таму падрыхтоўкай відэакатэхез самастойна займаюцца святары, сёстры законныя і катэхеты з розных парафій.

Адна з катэхез, прысвечаная сакрамэнту пасвячэння, была знятая адказнымі за катэхізацыю ў мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ. Аўтарамі ідэі, сцэнарыстамі і галоўнымі героямі роліка сталі сястра Кляра Волчак CSFN і ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr. У відэалекцыі таксма зняліся многія парафіяне — як дарослыя, так і дзеці.

Для гэтага няма патрэбы ў прафесійных акторах і дарагім абсталяванні: пры жаданні з Божай дапамогай практычна ў кожнай парафіі можна падрыхтаваць сваю відэакатэхезу, якой потым скарыстаюцца таксама іншыя.

Неабходна толькі ўзгадніць тэму з Катэхетычнай секцыяй. Акрамя таго, пры стварэнні відэакатэхез непажадана карыстацца фрагментамі чужых фільмаў і відэа, каб не ўзнікала пытанняў з аўтарскім правам.

Традыцыйна ў маі шмат дзе адбываюцца прэзбітэрскія і дыяканскія пасвячэнні. Адпаведна на гэты ж месяц прыпадаюць і многія гадавіны пасвячэнняў. Таму менавіта цяпер прагляд відэакатэхезы пра гэты сакрамэнт можа стаць не толькі для дзяцей, але і для кожнага з вернікаў добрай нагодай задумацца пра вялікі дар і таямніцу — святарства.

Абноўлена 15.05.2020 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа