Пошук

14.05.2020 21:20   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 14 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску цэлебрацыю святой Імшы, якая стала для мясцовага Касцёла кульмінацыяй сусветнага дня посту і малітвы аб спыненні пандэміі каранавірусу.

Імшы папярэднічала традыцыйнае Маёвае набажэнства, падчас якога перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам былі ўзнесены адмысловыя малітвы ў інтэнцыі выбаўлення ад эпідэміі.

У літургічнае свята святога апостала Мацея іерарх разам з прысутнымі ў святыні вернікамі і тымі, хто духоўна далучыўся да Эўхарыстыі дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by, маліўся ў інтэнцыі выбаўлення свету ад пандэміі каранавірусу і перадолення наступстваў выкліканага ёю агульнага крызісу.

У гэты дзень па ініцыятыве Высокага камітэту па чалавечым братэрстве людзі розных веравызнанняў і рэлігій ва ўсім свеце аб’ядналіся ў супольнай малітве да Бога Стварыцеля аб спыненні эпідэміі, падмацоўваючы свае просьбы постам і ўчынкамі міласэрнасці.

Далучыцца да гэтай ініцыятывы католікаў заклікаў Папа Францішак, а таксама каталіцкія біскупы Беларусі.

У прамоўленым Божым слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на асобу святога Мацея — сведкі ўваскрасення Хрыста, якога Дух Святы прызначыў заняць месца здрадніка Юды ў супольнасці апосталаў.

Іерарх зазначыў, што ў сваім апостальскім служэнні апостал Мацей вялікае значэнне надаваў аскезе ў духоўным удасканаленні чалавека, што адпавядае таксама сутнасці міжрэлігійнай малітвы аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу, якой спадарожнічае пост і справы міласэрнасці.

«Эпідэмія стала прычынай шматлікіх абмежаванняў у нашым жыцці. У многіх краінах уведзены каранцін і самаізаляцыя, закрытыя межы, людзі пазбаўлены свабоды перамяшчэння. Гэта не што іншае, як аскетычны стыль жыцця, да якога зусім не прызвычаены сучасны чалавек, які любіць жыць свабодна», — сказаў арцыпастыр.

Ён дадаў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі з першых дзён пандэміі заахвочвае да малітвы.

«Усведамляючы ўніверсальнае значэнне малітвы, 21 сакавіка ў Чырвоным касцёле ў Мінску разам маліліся католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране, баптысты, юдэі і мусульмане.

Гэта была першая такая міжрэлігійная малітва, калі прадстаўнікі розных веравызнанняў і рэлігій, адчуваючы сваю адказнасць перад Богам і нашым народам, сабраліся разам, каб прасіць Бога выбавіць Беларусь і свет ад гэтай небяспечнай эпідэміі», — нагадаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

«Сёння, калі ўжо больш за чатыры мільёны чалавек у свеце інфіцыяваныя і каля 300 тысяч памерлі, прадстаўнікі розных веравызнанняў разам просяць Бога аб хутчэйшым выбаўленні ад гэтай эпідэміі, ад якой не абаронены ніхто. Вірус не пытаецца ні пра веравызнанне, ні пра нацыянальнасць, ні пра сацыяльны статус, ані пра палітычныя погляды — перад ім усе роўныя.

Эпідэмія таксама выклікала эканамічны крызіс. Шмат людзей страцілі працу і з вялікай занепакоенасцю глядзяць у будучыню», — канстатаваў сумныя рэаліі арцыбіскуп, дадаўшы, што вірус агаліў таксама шматлікія маральныя праблемы сучаснага чалавека.

«Пандэмія паказала, што замест такой папулярнай у апошні час ідэі адзінства на самай справе свет моцна падзелены. Сімвалам падзелу стала неабходнасць захавання сацыяльнай дыстанцыі, закрытыя маскамі твары людзей, самаізаляцыя.

Мы зноў сталі падобнымі да Адама і Евы пасля грэхападзення — аддзеленыя ад Бога і нязгодныя паміж сабою. Нічога новага пад небам: гісторыя паўтараецца. Мы знаходзімся на караблі, які тоне з-за згубнага і зманлівага пераканання ў сваёй самадастатковасці», — сцвердзіў іерарх.

«У той жа час Хрыстус кажа, што мы без Яго нічога не можам зрабіць. Таму мы ўсе павінны як найхутчэй звярнуцца да Бога па дапамогу.

Асаблівае значэнне мае і сённяшняя міжрэлігійная малітва. Кожны паводле сваёй традыцыі просіць адзінага Бога аб дапамозе. Пандэмія каранавірусу аб’ядноўвае нас у супольнай малітве і паказвае яе неабходнасць.

Менавіта пра гэта забыўся сучасны чалавек, які паставіў сябе на месца Бога. Вірус паказаў, што гэта не так. Небяспечная эпідэмія, якая нясе шмат бяды і стварае вялікія праблемы, у той жа час з’яўляецца выклікам для нас, каб мы ўсклалі надзею на Бога, а не толькі на свае сілы і дасягненні», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, завяршыўшы гамілію кароткай малітвай праз заступніцтва апостала Мацея:

«Няхай вера ў Бога і навука стануць тымі крыламі, якія будуць весці нас да пазнання праўды і перадолення ўсіх жыццёвых цяжкасцяў, у тым ліку і пандэміі каранавірусу».

 

Абноўлена 14.05.2020 21:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа