Пошук

12.05.2020 14:18   Паводле: Grodnensis.by, seminarium.marianie.pl / Catholic.by

9 мая дыяканскае пасвячэнне прынялі семінарысты Віктар Рушлевіч з Вавёркі, які належыць да Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў, і Ян Чупрынскі з Барысава, які належыць да супольнасці ксяндзоў марыянаў.

Як паведамляе Grodnensis.by, пасвячэнне Віктару Рушлевічу ўдзяліў у базыліцы Божага Цела ў Кракаве (Польшча) біскуп Раман Пiндэль, ардынарый Бельска-Жывецкай дыяцэзіі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі візітатар кс. Дарыюш Качынскі CRL, іншыя святары і госці. Пасля ўрачыстай малітвы пасвячэння і ўручэння кнігі Евангелля новы дыякан упершыню спаўняў сваё служэнне ля алтара.

Ордэн рэгулярных канонікаў засноўвае сваю духоўнасць на Рэгуле св. Аўгустына.

Ён практыкуе евангельскія цноты паслухмянасці, чыстасці і супольнага жыцця без уласнасці. Ордэн не прывязвае сваю душпастырскую дзейнасць да нейкай канкрэтнай сферы. Ён адкрыты на любую форму працы ў Касцёле. Дэвіз ордэну, у якім заключаецца ўся яго місія, — словы з Дзеяў Апосталаў: мець «адно сэрца і адзін дух», як у манаскім жыцці ў кляштарах, так і ў душпастырскім служэнні Касцёлу.

У Беларусі рэгулярныя латэранскія канонікі служаць ужо шмат гадоў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі — у Вавёрцы, адкуль паходзіць дыякан Віктар Рушлевіч.

Зараз там служыць адзін святар, які таксама паходзіць з гэтай парафіі, — кс. Андрэй Роўба CRL.

Як паведамляе сайт марыянскай семінарыі ў Польшчы, пасвячэнне пяцярым маладым марыянам, сярод якіх быў Ян Чупрынскі, удзяліў у капліцы семінарыі дапаможны біскуп Элцкай дыяцэзіі Адрыян Гальбас SAC.

У гаміліі іерарх казаў пра прыняцце Евангелля ў сваё сэрца як жывога Слова, каб такім чынам быць больш падобнымі да Хрыста, які пасылае сваіх вучняў абвяшчаць Добрую Навіну.

Абноўлена 12.05.2020 14:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.